СУСТРЭЧЫ ПА СУБОТАХ
{jcomments on}У інфармацыйна-асветным цэнтры Лунінецкай царквы ў гонар іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” у новым навучальным годзе пачаўся цікавы культурна-адукацыйны праект “Дарога да храма”.
Яго распрацаваў настаяцель іерэй Сергій Крышталь, падабраўшы да краязнаўчай тэматыкі цыкл духоўных відэафільмаў. Вядома, што новая лунінецкая святыня размешчана паміж былымі могілкамі Першай сусветнай вайны і Курганам Бессмяротнасці, што насыпаны над магілай амаль пяці тысяч чалавек, якія сталі ахвярамі фашызму ў 1941-1944 гг.
Памяць загінуўшых воінаў і мірных жыхароў ушанавалі 5- і 6-класнікі СШ №3 г. Лунінца. Экскурсійны маршрут пралягаў па старых вуліцах чыгуначнай часткі горада – Залессе – і завяршыўся на царкоўным двары. Вучні і настаўнікі наталілі смагу святой вадзічкай. У былой капліцы, дзе цяпер абсталяваны цэнтр духоўнай адукацыі, адбыўся паказ шматсерыйнага анімацыйнага фільма “Хрышчэнне Русі”.
Такія сустрэчы, па словах педагога-арганізатара Алены Міхайлаўны Бех, павінны набыць сістэмны характар па суботах. Маюць намер далучыцца да праекта і іншыя школы горада. Агульнае меркаванне выказала настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Пятроўна Шкут:
– Многае з таго, што пачулі, стала адкрыццём не толькі для мяне. Прыемна ўзбагаціцца новымі гістарычнымі ведамі ў 565-ую гадавіну Лунінца, 70-годдзе вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. Што да знаёмства з асновамі праваслаўнай культуры, спадзяемся, гэта дабратворна паўплывае на маральнае выхаванне нашых дзяцей.
Інакш і быць не можа! Менавіта з гэтай мэтай і ажыццяўляецца праграма супрацоўніцтва паміж праваслаўнай царквой і ўстановамі адукацыі.