СВЯТОК У БАСТЫНІ
Дзень Вялікапакутніцы Параскевы, у гонар якой узведзена царква ў вёсцы, адзначаецца 10 лістапада.
Звычайна ў гэты дзень літургію ажыццяўляюць многія прадстаўнікі духавенства, але сёлета прастольнае свята выпала на нядзелю, калі свяшчэннікі Благачынія былі заняты на сваіх прыходах. Іерэю Іаану Пятрэнку саслужыў дыякан Васілій Мартынаў са Свята-Крыжаўвіжанскай царквы г. Лунінца. Нягледзячы на моцны дождж, шматлікія вернікі ўдзельнічалі ў асвячэнні вады, а потым са свечкамі, полымя якіх аберагалі далонямі рук, – і хрэсным ходзе. Сярод гасцей былі і жыхары Рэдзігерава, якія збіралі ахвяраванні на будаўніцтва храма іконы Божай Маці “Казанская”.
Вяскоўцы частавалі паломнікаў і віншавалі адзін аднаго са святам. Магчыма, з цягам часу адновіць папулярнасць імя святой. Цяпер жа ў Бастыні яго маюць толькі дзве старыя жанчыны – удава ветэрана вайны 87-гадовая Праскоўя Козел і 78-гадовая Праскоўя БРАДНІЦКАЯ (на здымку), якую вельмі шануюць за маральнае выхаванне ўнукаў.
Жыхарка вёскі Алена Дырман і яе сям’я ахвяравалі прыходу храмавую ікону. Настаяцеля і прыхаджан павіталі прадстаўнікі мясцовых улад. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анатоль Захаркевіч не змог асабіста наведаць вёску, але перадаў падарунак бацюшку і матушцы – намесніку дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Алене Пятрэнка. Букет белых хрызантэм упрыгожыў аналой з іконай Святой Параскевы… Старшыня Бастынскага сельвыканкама Фёдар Рашэцкі ўручыў а. Іаану і рэгенту Мікалаю Кезю фотобуклеты, прысвечаныя сёлетняму 555-годдзю вёскі, у святкаванні якага актыўны ўдзел прымаў царкоўны хор.
Пасля літургіі многія жыхары і госці Бастыні накіраваліся ў мясцовы СДК. Урачыстасць працягнулася праглядам відэафільма аб юбілеі вёскі, які здымаў аператар Юрый Уладзіміраў. Дырэктар СДК Алена Лабко арганізавала кінасеанс для вяскоўцаў, а пасля адзначыла ўласны дзень нараджэння, што супадае з храмавым святам.