Простыя ісціны адкрыем з часам
{jcomments on}У бібліятэцы Лунінецкага ліцэя адкрылася тэматычная кніжная выстава, прысвечаная 1025-годдзю хрышчэння Русі, і быў арганізаваны “круглы стол”.
Меркавалася, што свяшчэннікі, выкладчыкі і вучні, якія ў чэрвені працягваюць наведваць профільныя заняткі, абмяняюцца думкамі аб тым, што дало хрысціянства свету. Гэта і адлюстравалі выступленні настаяцеляў храмаў. Іерэй Сергій Чыж (Спаса-Прэабражэнскі храм в. Язвінкі) сканцэнтраваў увагу на распаўсюджванні праваслаўя ў Беларусі.
Іерэй Сергій Крышталь (храм іконы Багародзіцы “Взыскание погибших” г. Лунінца) нагадаў аб забароне рэлігіі ў атэістычныя часы і святкаванні 1000-годдзя хрышчэння Русі, што адкрыла новую эпоху ва ўзаемаадносінах дзяржавы і царквы. Прагучалі выказванні аб гістарычных падзеях, што папярэднічалі 988 году і што адбыліся пасля выбару, які зрабіў кіеўскі князь Уладзімір.
Лейтматывам сустрэчы была думка аб тым, што, колькі б станоўчых змен ні прыйшло да нас з Захаду, нельга змірыцца з сучаснымі духоўнымі хваробамі, якія маскіруюцца пад свабоду і дэмакратыю. Асабліва трывожыць іх сёлетняя актыўнасць. Легалізацыя аднаполых шлюбаў у Францыі – выклік спрадвечным каштоўнасцям, якія вытрымалі выпрабаванне тысячагоддзямі. На жаль, многія творцы таксама “змяняюць арыентацыю” і асабіста, і праз сваю дзейнасць. Як данесці маладому пакаленню хрысціянска-літаратурную ісціну, што святасць сям’і – падмурак праваслаўнай цывілізацыі, што толькі прыгажосць выратуе свет?
Здавалася, прачулыя выказванні дарослых не знайшлі водгуку ў юнакоў і дзяўчат. Яны ўважліва слухалі выступленні, але самі не прынялі ўдзел у абмеркаванні ўзнятых тэмы. Толькі адна з ліцэістак на прапанову чысціць душу класікай супярэчыла:
–Вы што, адвяргаеце сучасную музыку?
Дзяўчыну не пераканаў адказ:
–Адвяргаем моцныя жудасныя гукі, што адмоўна ўплываюць і на псіхіку, і на здароўе.
Абмен рэплікамі пад новым ракурсам працягнула педагог Галіна Сіманава. 10-класнікі, якія прыходзяць у ліцэй, звычкай слухаць гучную музыку праз навушнікі настолькі пагоршылі слых, што вельмі гучна размаўляюць, больш таго – не чуюць нармальны тон настаўнікаў. Тыя вымушаны павышаць голас, што заўважаюць навакольныя.
–Родныя здзіўляюцца, – гаворыць Галіна Мікалаеўна. – Пытаюцца ў мяне: “Ты чаго крычыш?”
Але настаўніца падкрэсліла, што, захапляючы дзяцей ведамі, навукова-даследчай дзейнасцю, справамі духоўнасці і мастацтва, удаецца адцягнуць іх увагу ад моднай звычкі, а, значыць, – у літаральным сэнсе, – палепшыць слых. І ў пачатку верасня 11-класнікі ўжо самі звяртаюць увагу на ненармальнасць у паводзінах новых ліцэістаў:
–Чаго яны так крычаць?..
Сустрэчу завяршылі спевы ансамбля “Логас” у якасці музычнага аздаблення слайд-шоў “Лікуй, душа!”. Дарэчы, на здымках сярод удзельнікаў Першага фестывалю царкоўных хораў адлюстраваны і некаторыя ліцэісты. Хочацца спадзявацца, што і для аматараў “чыстага голасу”, і для астатніх юнакоў і дзяўчат меркаванні дарослых стануць яшчэ адным штуршком да разваг: падпарадкоўвацца таму, што навязваецца далёка не бяскрыўднай модай, ці даверыцца вопыту, праверанаму часам. Гэта датычыць як матэрыяльных, так і духоўных асноў жыцця. Значыць, нават адсутнасць дыялогу мае сваю карысць. У 11-ым класе ці значна пазней, але на пастаўленыя пытанні давядзецца даваць адказ і цяперашнім ліцэістам.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.