“КОЖНЫ ГОРАД ПАЧЫНАЎСЯ З ВЁСКІ…”
Па нядзелях лунінчан запрашае інфармацыйна-асветны цэнтр “Духовная среда” (па-руску) пры храме іконы Богамаці “Взыскание погибших»” г. Лунінца.
Святкаванню 565-годдзя першага прыгадвання ў летапісных крыніцах Лунінца прысвячаюць свае вітанні творчыя вяскоўцы раёна. Настальгічны настрой старога Новага года лунінчанам падарылі прадстаўнікі Багданаўкі. Вучні настаўніцы Людмілы Васільеўны Ярмольчык падрыхтавалі даследаванне пра традыцыі і атрыбуты святкавання Нараджэння Хрыстова. 6-класнікі Мікалай Савіч, Аліна Кавалевіч і трое Антановічаў – Улад, Ганна, Крысціна – захоплена расказалі аб тым, чаму менавіта ёлачка стала калядным дрэвам, а шары – сімвалы біблейскіх яблык – самым распаўсюджанным упрыгожаннем, на прыкладзе навагодніх цацак паказалі адлюстраванне палітычных эпох.
Настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь падзякаваў гасцям з аддаленай вёскі за цікавыя звесткі аб гісторыі Багданаўкі і ўручыў калядныя падарункі. Пачастункі ад свяшчэнніка атрымалі і іншыя ўдзельнікі сустрэчы. Юныя паломнікі з Багданаўкі скарысталіся магчымасцю пакланіцца часцінкам мошчаў святых з Троіца-Сергіевай і Кіева-Пячэрскай лаўраў, якія перададзены ў дар лунінецкім вернікам. Свае ўражанні выказала ветэран педагагічнай працы са знакавым у калядныя святы імем – Марыя Міхайлаўна Шаболдава:
–Столькі цікавага даведалася ад дзяцей, што буду спяшацца дамоў падзяліцца пачутым з унукамі. Шчыра вітаю захопленых настаўнікаў, жадаю ім і іх вучняў новых творчых адкрыццяў у, здавалася б, звычайных рэчах!