ЯК СКАЗАЦЬ, КАБ ПАЧУЛІ?
Тэма аднаго з выступленняў стала лейтматывам Пятых гісторыка-філалагічных чытанняў памяці М.П. Анцукевіча (1892-1971) у гімназіі г. Лунінца. Па традыцыі сустрэча адкрыла цыкл мерапрыемстваў да Дня праваслаўнай кнігі.
Было сказана (зроблена, часткова нават надрукавана ў 1938-ым), але – не пачулі. Шмат акалічнасцей паўплывала на тое, што пры жыцці Мікалая Пятровіча яго галоўная праца не выйшла ў свет. І толькі ў 1992-ім у Вільнюсе Рускі культурны цэнтр Літвы выдаў поўную манаграфію (284 стар.), а ў 2002-ім у Мінску ГА “Беларускі саюз журналістаў” – пераклад “Адысеі” Гамера (352 стар.).
У 1926-ым у Лунінцы выкладчык выканаў пераклад “Слова пра паход Ігараў”. 90-гадовы юбілей святкавалі разам з гасцямі з Ельска Гомельскай вобласці – малой радзімы М.П. Анцукевіча – і з Вільнюса (Літва), з якім звязаны яго лёс з 1930-ых гг.
Вучні і настаўнікі абедзьвюх гімназій наведалі Свята-Крыжаўвіжанскую царкву. У свой час дыяканам тут быў цесць Мікалая Пятровіча. Удзельнікам чытанняў выпаў гонар вітаць архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана, які 12 лютага ў нашым храме служыў літургію ў гонар трох святых – Васілія Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Златаўстага.
– Благаславенне архіерэя паспрыяла таму, што двухдзённая сустрэча ў гімназіі атрымалася і карыснай, і ўрачыстай, – расказала кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Зямляне” настаўніца Ірына Аляксандраўна Грушэўская. – Наша мэта – абудзіць у дзяцей пошукавы інтарэс. Аказваецца, няшмат ведаем нават аб гісторыі малой радзімы. Усеагульную цікавасць выклікала прэзентацыя “Лунінец – горад, народжаны чыгункай”, якую падрыхтавалі 6-класнікі. Колькі новых ведаў чакала нашых 10-класнікаў – асноўных удзельнікаў чытанняў! Імкнуліся нагадаць дзецям, што шлях да адкрыццяў ажыццяўляецца не толькі ў сталіцах. Даследаваннямі займаюцца і ў нашым краі, у філіяле Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – Палескай доследнай станцыі меліярацыйнага земляробства і лугаводства. З незвычайным прадпрыемствам пазнаёмілі 6-класнік Стас Краўцоў – гістарычны ракурс і 10-класніца Дар’я Рудовіч – патэнцыял і перспектывы.
Першы дзень чытанняў прысвяцілі 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай, што адзначаем сёлета 22 чэрвеня. Дзве вайны выпала на лёс Мікалая Анцукевіча: салдат Першай сусветнай, у час Другой праследаваўся акупантамі і цудам пазбег арышту… Аб вайне, якая пакінула трагічны і гераічны след у гісторыі сям’і, пранікнёна расказала 7-класніца Таццяна Лявонава (Ельск). Баявы шлях прадзеда прасачыла і наша 10-класніца Дар’я Завадская. Да патрыятычнай акцыі “Бессмяротны полк”, што ўпершыню адбылася ў Лунінцы 9 мая 2015 года, заклікала фотагалерэя партрэтаў былых франтавікоў і партызан. А відэасюжэт занатаваў аўтапрабег, які адбыўся напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве лунінецкіх таксістаў. 10-хвілінны ролік выклікаў вялікае ўражанне юных і дарослых гледачоў, тым больш, калі даведаліся, што здымкі вёў бацька аднаго з гімназістаў – Аляксандр Лягееў.
Інтэлектуальную гульню вучняў па тэме “2016-ы – Год культуры” правяла настаўніца гісторыі Юлія Дзмітрыеўна Новак (Ельск). У творчых спаборніцтвах выступілі тры каманды: дзве – гаспадароў і адна – гасцей. Урачыстасць святочна аздобленай вялікай зале надавалі выставы: кніжных рарытэтаў з бібліятэкі гімназіі і старажытных ікон з фондаў раённага краязнаўчага музея.
Сімвалічны масток да другога дня чытанняў перакінула наведванне “Беларускай хаткі”. Яна прыцягнула ўвагу экспанатамі спрадвечных прылад працы і быту, захапіла глыбокім веданнем юных экскурсаводаў аб асаблівасцях жыцця продкаў. Музычна аздобілі сустрэчу ўдзельнікі ансамбля “Кросны” Лунінецкай ДШМ. Мастацкі кіраўнік Сяргей Уладзіміравіч Рыхцер з вучнямі вясёлымі найгрышамі запрасілі гасцей і патанцаваць, і паспяваць частушкі. Гэта была своеасаблівая ілюстрацыя “Вячорак”, якія праводзяцца ў аздараўленча-адукацыйным лагеры гімназіі ў час летніх канікул.
Другі дзень чытанняў адкрыў 6-класнік Віталь Кацуба, захоплены тэмай развіцця чыгуначнага вузла Лунінец. Як вядома, М.П. Анцукевіч тут пачаў педагагічную дзейнасць, а працягнуў – у Віленскай беларускай гімназіі (затым – у Вільнюскім універсітэце). Летась усталявалі сувязі з гэтай установай адукацыі, якая носіць імя беларускага асветніка Францыска Скарыны. На міжнароднай канферэнцыі ў сталіцы Літвы паспяхова выступіў наш гімназіст. Цяпер ужо 10-класнік Павел Лусевіч пазнаёміў удзельнікаў чытанняў з дакладам “Слова…” пачыналася і ў Лунінцы”.
Сучасная гімназія сваёй папярэдніцай лічыць “рэалку”, дзе выкладаў М.П. Анцукевіч. Яго вучаніцай была мама старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Н.І. Казанковай. Сваё выступленне Наталля Іванаўна прысвяціла не настаўніку, а яго сыну. Менавіта Алег Мікалаевіч спрыяў, каб творчая спадчына бацькі стала здабыткам Беларусі. І сам ён, ураджэнец Лунінца, варты пашаны – быў доктарам сацыяльных навук, працаваў у Міністэрстве лясной гаспадаркі Літвы. Пяць год таму завяршыў зямны шлях. Пераемнасць пакаленняў працягвае ўнук перакладчыка.
Настаўнічаў у Лунінцы і будучы славуты авіяканструктар, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы П.В. Сухой. Працаваў разам з Вольгай Казюліч, якая пазней стала жонкай Мікалая Анцукевіча (Павел Восіпавіч таксама знайшоў сваё шчасце ў Лунінцы, ажаніўся з настаўніцай Софіяй Цянчынскай). Аб жыцці і дзейнасці стваральніка лепшых у свеце самалётаў паведаміў 10-класнік Аляксандр Верас.
Другі дзень чытанняў прысвяцілі Дню роднай мовы. Гучалі абедзве – беларуская і руская. Зацікавіў відасюжэт аддзела ЗАГС, галоўны спецыяліст якога Наталля Яўгенаўна Богдан у абласным конкурсе прызнана “Лепшай вядучай па правядзенні абраду ўрачыстай рэгістрацыі нараджэння”. Зачаравала выступленне 9-класніцы Ірыны Панфілавай (Ельск) – і мілагучнай мовай, і глыбінёй зместу. У назве яе работы англійскае слова “нонфікшн”, што азначае “немастацкая літаратура”, працягвае такая простая думка: “Каб сказаць. Каб пачулі”.
Тэма даследавання адпавядае выхаванню духоўнасці. Гэта датычыць і навукі – само слова паходзіць з выказвання “на вуха”. Як складана ўсвядоміць, што чалавек “і асвету, і мудрасць” можа набыць пры дзіўнай здольнасці – пачуць іншага! Аб гэтым спрадвеку нагадвае біблейская ісціна: “Хто мае вушы слухаць, няхай пачуе”.
Безумоўнай вартасцю штогадовых сустрэч у лютым з’яўляецца ўдзел у чытаннях прадстаўнікоў духавенства – кіраўнікоў аддзелаў Пінскай епархіі. Размовай і спевамі гімназістаў захапіў кандыдат багаслоўя, протадыякан Свята-Пакроўскага храма г. Баранавічы Андрэй Гарбуноў (які напярэдадні выступіў і ў 6-ых класах). Аб звычайнай увазе да старэйшага пакалення як праяве сапраўднай міласэрнасці прачула гаварыў госць з Пінска – іерэй Сергій Плотніцкі, які будуе храм у гонар страстацерпца цэсарэвіча Аляксія з рэабілітацыйным цэнтрам для дзяцей-інвалідаў.
Адзначэнне першай круглай даты чытанняў увасобілася ў цырымоніі ўзнагароджання дакладчыкаў. Дыпломы памяці М.П. Анцукевіча былі ўручаны навуковым кіраўнікам вучняў, якія выхоўваюць у гімназістаў прагу даследчыцкай дзейнасці і дасягаюць плёну. Гэта настаўніцы Аксана Рыгораўна Арашкевіч (гісторыя), Валянціна Канстанцінаўна Казун і Ірына Анатольеўна Дасько (беларуская мова), бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук. Дзецям і дарослым, гаспадарам і гасцям уручаліся разнастайныя падарункі, што, як і агульная атмасфера сустрэчы, выклікала шчырыя эмоцыі. Адміністрацыя гімназіі ўдзячна калектывам, якія падтрымалі агульную справу, – гэта хлебазавод (дырэктар Канстанцін Міхайлавіч Аліфяровіч) і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (дырэктар Тамара Нічыпараўна Патурай). Удзел у чытаннях прынялі старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Аляксандр Іванавіч Матор і дырэктар ДРБУ-101 Аляксандр Мікалаевіч Трухноў. Гаспадарчыя кіраўнікі ўсведамляюць важнасць гістарычнага выхавання юнага пакалення і садзейнічаюць намаганням педагогаў.
Афіцыйна закрываючы 5-ыя і даючы старт падрыхтоўцы да 6-ых чытанняў, дырэктар гімназіі Аляксандр Аляксандравіч Грушэўскі падкрэсліў значнасць прыкладу М.П. Анцукевіча і для настаўнікаў (прафесія не абмяжоўвае творчасці), і для вучняў (вялікія крокі можна рабіць і ў маленькім горадзе). Адзначана таксама плённасць развіцця міжрэгіянальных сувязей паміж установамі адукацыі, узаемасупрацоўніцтва ў напрамку інтэлектуальнага ўдасканалення вучняў і метадычнага – педагогаў.
Сардэчна дзякавала лунінчанам намеснік дырэктара Ельскай гімназіі Наталля Іванаўна Ключынская:
– Нашы вучні і я з калегай знаходзімся пад вялікім уражаннем ад першага наведвання Лунінца. Адкрываем для сябе нашага земляка – вядомага філолага, лінгвіста, перакладчыка. Узровень арганізацыі чытанняў і гасціннасць прыёму нельга перадаць словамі! Усё пачутае і ўбачанае сведчыць аб тым, што ў вас цудоўны раён, які мае высокі патэнцыял для свайго развіцця.
Не хаваў шчырыя ўражанні ўнук перакладчыка Мікалай Алегавіч Анцукевіч (Вільнюс, Літва):
– Якую б тэму выступлення ні закраналі, гімназісты, педагогі і свяшчэнства гаварылі пра вечныя каштоўнасці. Галоўная з іх – павага да папярэднікаў, іх ідэалаў і спраў. Гэта такое літаральнае засваенне біблейскай запаведзі, што верыцца – пры адпаведным выхаванні можна пераадолець спрадвечны канфлікт бацькоў і дзяцей. Азначыць, захаваем традыцыі, якія ўмацоўваюць грамадства.
Духоўнае благаславенне і навуковы плён няхай натхняюць “Зямлян” на новыя справы на карысць не толькі малой радзімы, яна ж – частка сусветнай супольнасці...