ВЕЧНЫ ПРЫКЛАД
{jcomments on}Сёлета галоўным юбілеем праваслаўнага свету вызначана 700-годдзе прападобнага Сергія Раданежскага.
У дзень яго памяці – 18 ліпеня – тысячы вернікаў Расіі, Беларусі і, хочацца спадзявацца, Украіны маліліся “едиными уста и единым сердцем”. Храм іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” г. Лунінца наведалі прадстаўнікі раённых устаноў. Паважаныя асобы падкрэслівалі грамадскую значнасць гэтай падзеі і, разам з тым, віншавалі настаяцеля іерэя Сергія Крышталя з днём анёла.
Сенатар, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, дырэктар ВПУП “Вікторыя” Таццяна Удавенка лічыць, што стваральнымі справамі свяшчэннік імкнецца адпавядаць вялікаму святому, імя якога носіць. Яна заклікала сучаснікаў да сапраўдных каштоўнасцей, што ўвасобіў “ігумен Зямлі Рускай”, – гэта працавітасць, прага адукацыі, паслушанне, цярпенне, служэннем людзям.
Непадалёку ад храма размешчана цэнтральная раённая бальніца. Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Таццяна Гурбановіч і старшыня прафкама Наталля Рагажынская нагадалі аб роднаснасці прафесій медыкаў і свяшчэннаслужыцеляў, толькі адны лечаць цела, а другія – клапоцяцца аб душы хворых. Яны назвалі бацюшку сваім калегам у літаральным сэнсе, таму што а. Сергій – доктар багаслоўя!
Прыхаджане аддзячваючь духоўнаму пастыру сваёй любоўю. Гэта выказалася і ў падарунках, сярод якіх быў фотаальбом “Троіца-Сергіева лаўра”, выдадзены да 1000-годдзя Хрышчэння Русі. Сімвалічна, што новы лунінецкі храм закладзены ў 1025-годдзе цывілізацыйнага выбару роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра… Шматлікія букеты белых руж і лілей засталіся ўпрыгожаннем Дома Божага, а зладжанае “Многая лета” ў выкананні царкоўнага хору гучала ўсім імяніннікам і вечнаму для іх прыкладу – прападобнаму Сергію Раданежскаму.