“Дарил на счастье музыку, играл с душой”
Народны духавы аркестр гарадскога Дома культуры даў дабрачынны канцэрт у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Сустрэчу благаславіў настаяцель храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” іерэй Сергій Крышталь, які пажадаў моцнага духу землякам, пацярпеўшым у час акупацыі, і творчага натхнення музыкантам. Праграму арганізавалі загадчыкі аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Мархотка і Лідзія Чыжакова – каардынараты праекта “Актыўнае цяперашняе пажылых людзей”. Правялі сустрэчу вучні ліцэя Крысціна Грыневіч і Ілья Карпец. Адчувалася, што яны прасякнуліся спагадай да паднявольнага лёсу ваеннага пакалення.
Сумным напамінам гучалі лічбы: фашысты пабудавалі 14 тысяч “лагераў смерці”, у якіх было закатавана больш як 18 мільёнаў чалавек розных нацыянальнасцей, кожнае пятае з іх – дзіця. Памяць ахвяр была ўшанавана хвілінай маўчання…
У нашым раёне цяпер пражываюць 222 вязні, якія былі прымусова вывезены ў Нямеччыну, у тым ліку 176 – непаўналетнія. Многія з іх, як і іншыя “дзеці вайны”, прысутнічалі на сустрэчы. Пранікнёным напамінам аб небяспецы гучаў верш “Выстрал” у выкананні старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Казанкова.
Падбадзёрыць, узняць настрой шматпакутнаму пакаленню імкнуліся самадзейныя артысты. Сваю творчасць дарылі гледачам танцавальны ансамбль “Абісаль” (кіраўнік Валянціна Бадак), народны духавы аркестр ГДК пад кіраўніцтвам Вячаслава Дзедзіна, салісты калектыву Марына Корчык і Віктар Круглік. У расчуленых гледачоў на вочы набягалі слёзы, а вечныя мелодыі вальсаў “Амурскія хвалі” і “Развітанне славянкі” гучалі весткай аб доўгачаканай Перамозе…