СУСТРЭЧА КРАСАВІКА
{jcomments on}злучыла дзве падзеі – традыцыйны дзень анёла і ўшанаванне прадстаўнікоў старэйшага пакалення, на лёс якіх прыпаў шмат пакут.
Каля Кургана Бессмяротнасці “дзеці вайны” хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх загінуўшых на франтах ці закатаваных у час фашысцкай акупацыі. Потым удзельнікаў праекта “Актыўнае цяперашняя пажылых людзей” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва чакаў інфармацыйна-асветны цэнтр храма іконы Божай Маці “Спаталенне загіблых”. Настаяцель Сергій Крышталь звярнуўся да гасцей са шчырымі словамі спагады і духоўнай падтрымкі, падарыў іконкі.
Прыгожыя і даволі рэдкія цяпер грэчаскія імёны – Лідзія (што азначае “культурная”), Ала (“вытанчаная”), Ларыса (“чайка”) – носяць сучасніцы ў памяць пра святых пакутніц, якія пацярпелі ў ІІ (першая) і IV (дзве іншыя) стагоддзях. Вітанні прымалі віноўніцы ўрачыстасці, адначасова расказваючы, які след пакінула вайна ў іх душах. 82-гадовая лунінчанка Лідзія Чарнавокая прыгадала роднага брата – загінуўшы 15 красавіка 1945 года ў Германіі сапёр Канстанцін Захаравіч Чарнавокі навечна застаўся маладым…
Адна з каардынатараў праекта, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Лідзія Станіславаўна Чыжакова паведаміла, што яе дзядуля трапіў у нямецкі палон, шмат выцярпеў і ў мірны час. Каб не вярэдзіць балючыя раны роднаму чалавеку, у сям’і было пакладзена “табу” на ўспаміны. Яна рада, што па роду службы дапамагае тым, хто перажыў ваеннае ліхалецце… Ала Леанідаўна Крыльчук нарадзілася пасля вайны, але ў час яе страціла многіх родных. Працуючы сацыяльным работнікам, вучыцца мудрасці ў сваіх падапечных, сярод якіх – былыя франтавікі і партызаны… Вязнем фашызму была 96-гадовая Ларыса Еўдакімаўна Рацкевіч. Яна не прысутнічала на сустрэчы, але напярэдадні запрасіла дамой а. Сергія, які павіншаваў з днём анёла, спаведаў і прычасціў… 82-гадовая Ларыса Канстанцінаўна Трыфанава з горыччу адзначыла, што з іх вёскі ў Ніжагародскай вобласці па два-тры мужчыны з кожнага дома загінулі на фронце, як і муж яе старэйшай сястры, які пахаваны ў Гомелі. Сама яна служыла ў Групе савецкіх войскаў у Германіі, дзе сустрэла каханне. Калі мужа-афіцэра перавялі ў Лунінец, працавала ў райваенкамаце…
У гонар імянінніц гучалі малітоўныя песні з просьбай да Багародзіцы аб літасці ўсім жывучым. Салісткай была 80-гадовая Софія Рыгораўна Псёл, а прыпеў падтрымалі прысутныя. Яны таксама падзяліліся ўспамінамі аб выпрабаваннях лёсу на сваіх жыццёвых сцяжынках... Растрывожаныя сэрцы крыху суцешыў дакументальны фільм аб Гродзенскім жаночым манастыры ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Удзельнікі сустрэчы разыходзіліся са спадзяваннямі, што насельніцы абіцелі над Нёманам, якія моляцца за ўсіх добрых людзей, выпрасяць мір для неспакойнай зямлі…