УЗОР САПРАЎДНАГА ПАТРЫЯТЫЗМУ
Такое вызначэнне даем як “Аповесці часовых год”, так і яе аўтару – гэта прападобны Нестар Летапісец Пячэрскі. 900-годдзю яго прастаўлення былі прысвечаны чарговыя педагагічныя праваслаўныя чытанні, удзельнікаў якіх на гэты раз гасцінна прымала СШ №2 г. Мікашэвічы.
Падзеі, што апісваў святы, былі так даўно – і, тым не менш, яго імя знаёма кожнаму школьніку: па гэтым летапісе вывучаем паходжанне славянскіх народаў. Пачну ж з моманту, які адбыўся на завяршэнне сустрэчы. Прагучала пытанне, ці ведалі раней настаўнікі, што старажытны гісторык быў кананізіраваны? Адказы былі рознымі. Адны сцвярджалі, што гэта агульнавядома ўсім выкладчыкам гісторыі. Другія гаварылі, што такую інфармацыю пачулі ўпершыню. Думаецца, што ісціна – пасярэдзіне. У падручніках атэістычнага часу не адзначалася царкоўнае прызнанне заслуг той ці іншай гістарычнай асобы.
Але менавіта ў апошняе 25-годдзе грамадства ўсвядоміла, што, змагаючыся з рэлігіяй, згубіла шмат духоўных каштоўнасцей, таму імкнецца аднавіць страчанае. Да агульнага шанавання вяртаюцца імёны святых, без якіх немагчыма ўявіць развіццё гісторыі і культуры народа. Дзякуючы пагадненню паміж Міністэрствам адукацыі і Праваслаўнай царквой, у школу прыходзяць свяшчэннікі, якія разам з настаўнікамі нясуць “разумнае, добрае, вечнае” дапытліваму пакаленню ХХІ стагоддзя.
Гэта суладдзе мэтаў адлюстроўвалі і прамоўцы. Іерэй Аляксандр Масяйчук, клірык Мікашэвіцкага храма ў гонар Нараджэння Прадцечы і Хрысціцеля Гасподня Іаана, спыніўся на жыцці Нестара Летапісца. Настаўніца СШ №1 г. Мікашэвічы Ніна Яўгенаўна Цяльпук прааналізавала “Аповесць часовых год” як помнік гісторыі і літаратуры. Манах жыў у Кіева-Пячэрскай лаўры, лічыцца духоўным ахоўнікам Кіеўскай духоўнай акадэміі. Аб гэтым паведаміў яе выпускнік-2005 іерэй Сергій Крышталь, настаяцель храма іконы Божай Маці “Спаталенне загіблых” г. Лунінца.
Другая, умоўна кажучы, частка чытанняў сканцэнтравала ўвагу на нацыянальных святынях. Аб сучасніцы святога – прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай – эмацыянальна, з прэзентацыяй ілюстрацый на інтэрактыўнай дошцы, расказала настаўніца СШ №2 г. Мікашэвічы Ірына Валер’еўна Каднікава. Сабору беларускіх святых, дзень памяці якіх адзначаецца ў трэцюю нядзелю па Тройцы (сёлета – гэта 29 чэрвеня), прысвяціў сваё выступленне іерэй Сергій Чыж, настаяцель Спаса-Прэабражэнскага храма в. Язвінкі. Аб перакладах богаслужбовых кніг на беларускую мову і асобах перакладчыкаў паведаміла настаўніца гімназіі імя У.І. Нядзведскага Алена Міхайлаўна Нямчэня.
Падводзячы вынікі сустрэчы, галоўны спецыяліст аддела адукацыі, спорту і турызму Лунінецкага райвыканкама Таццяна Леанідаўна Трэгубава адзначыла:
–Педагагічныя праваслаўныя чытанні – справа параўнаўча новая. Спрабуем розныя формы, шукаем самыя надзённыя тэмы. У мінулым годзе абмеркаванне пытанняў было больш ажыўленым, дыскусійным. Сёлета мерапрыемства насіла больш лекцыйны, інфармацыйны характар. Давайце разам падумаем, што мэтазгодна прапанаваць для веснавых чытанняў-2015.
Адразу адгукнулася дырэктар СШ №2 Галіна Паўлаўна Сыцэвіч:
–Згадзіцеся, у грамадстве павялічваецца інтарэс да свайго, да роднага. Больш, чым сусветная, нас цікавіць гісторыя малой радзімы. Можа, паспрабаваць знайсці тыя факты ў праваслаўнай гісторыі края, якімі маглі б ганарыцца і дарослыя, і дзеці? Упэўнена, у кожнай школе знойдуцца аматары вывучэння мінулага, якія падрыхтуюць адпаведныя працы. Гэта будзе садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню нашых вучняў, іх любві да мясцін, дзе Богам наканавана было паявіцца на свет.
Удзельнікі падтрымалі прапанову настаўніцы з больш чым 30-гадовым педагагічным стажам. Безумоўна, справа гэта нялёгкая. Апублікаваных звестак не так і шмат, але архівы гатовы адкрыць свае таямніцы жадаючым. Пакуль жа – гэта інфармацыя да роздуму настаўнікам. Аддзелы адукацыі – і свецкі, і рэлігійны – чакаюць водгукаў. У любым выпадку, відавочна скіраванасць думак многіх людзей да гістарычнай памяці, паслядоўны прыклад захавання якой на працягу тысячагоддзяў паказвае царква.
У кола чытанняў, як заўсёды, прыцягваюцца прадстаўнікі розных устаноў сацыяльнай сферы. Сёлета выставу работ удзельнікаў гурткоў аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту прадставіла загадчык Святлана Рыгораўна Філіновіч. Асаблівае захапленне выклікалі вырабы з паперы, у тым ліку кошык у выглядзе куры з рознакаляровымі яйкамі – сапраўды велікодны падарунак. Цяпер філіял Лунінецкага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання адкрыты і ў Мікашэвічах. У жыхароў маладога горада паявілася больш магчымасцей для заняткаў творчасцю, а значыць – духоўнага ўдасканалення, чаго чалавек прагне ў любым узросце.