“...Ён выбраў Крыж”
Дакументальны фільм пра радавога Яўгена Радзівонава (1977-1996) даў старт духоўна-патрыятычнаму відэапраекту “Вучымся Радзіму абараняць”. Ініцыятарамі яго выступіла Лунінецкая “пярвічка” Пінскай гарадской арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы”.
У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” сабраліся вучні і педагогі гарадскіх устаноў адукацыі і сельгаскаледжа.
20 кастрычніка быў трэці дзень жалобы пасля трагедыі ў Керчы. Не толькі Крым смуткаваў па нявінна забітых. Настаяцель храма протаіерэй Сергій Крышталь прапанаваў ушанаваць памяць ахвяр трагедыі хвілінай маўчання...
Міжволі прыгадаліся словы Прэзідэнта Расіі (саюзнай з Беларуссю дзяржавы) Уладзіміра Пуціна. Ён заявіў, што “ўсё пачалося з вядомых трагічных падзей у ЗША”, пасля чаго “маладыя людзі з няўстойлівай псіхікай” сталі ствараць сабе “ілжегерояў”, “...гэта значыць, што мы не ствараем патрэбнага, цікавага і карыснага кантэнту для маладых людзей...”.
Верагодна, усведамляючы гэты інфармацыйны вакуум і сваю адказнасць за тое, каб “сэрцы, не занятыя намі”, не заняў “наш вораг”, ветэраны-пагранічнікі і прапанавалі юным лунінчанам паразважаць аб вечных каштоўнасцях, хрысціянскіх ідэалах, сапраўдных героях. У іх ліку – радавы Яўген Радзівонаў.
“Што лепш: быць забітым, але застацца ў жывых для будучых пакаленняў, або жывым загінуць, як Іуда? Гэта пытанне нам – тым, хто жыве ў ХХІ стагоддзі.
Гэта пытанне, напэўна, задаваў сабе, знаходзячыся ў зняволенні ў Чачні, 18-гадовы Яўген Радзівонаў і яшчэ тры салдаты. Іх мучылі чатыры месяцы. Ім прапаноўвалі змяніць веру і застацца ў жывых. Але яны не адракліся ад веры, а значыць – ад Радзімы, ад сябе. Яны не загінулі – яны нарадзіліся для Вечнасці.
Брыгадны генерал “пакараў смерцю за ўпартасць” Яўгена Радзівонава ў самы дзень яго нараджэння, 23 мая. Гэта было свята Увазнясення Гасподняга...”.
Падлеткі глядзелі дакументальны фільм у напружанай цішыні, не парушанай ні рухам, ні шэптам. Было вельмі цяжка – педагогам не ўдалося стрымаць слёз... Вядома, юныя жыхары Беларусі могуць і не ведаць пра вайну ў Чачні. Магчыма, асобныя эпізоды пра падзеі тагачаснай палітычнай абстаноўкі ў Расіі лунінецкія юнакі і дзяўчаты маглі і не зразумець. Але, хочацца верыць, што чыстыя душы нашай моладзі (а на гэты прагляд арганізатары прасілі запрасіць толькі жадаючых) адгукнуліся на подзвіг веры аднагодка іх бацькоў...
Падалося непедагагічным адразу, як кажуць, “лезці ў душу” з пытаннямі. Але абмеркаванне фільма ўсё ж адбылася: загартаваныя жыццём ветэраны-пагранічнікі, якія працуюць у розных працоўных калектывах Лунінца, падзяліліся з прыстунымі сваімі думкамі.
Віталь Драніч (лакаматыўнае дэпо):
–Галоўнае – каб у чалавеку быў стрыжань. І ён выяўляецца не толькі ў подзвігах. Аб стрыжні кажуць штодзённыя ўчынкі. З духоўнай літаратуры ведаем, што верны ў малым – будзе верны і ў вялікім. Не здражвайце маральным ідэалам. Займаючыся фізічнай падрыхтоўкай, загартоўвайце і сілу духу.
Аляксандр Ячмяновіч (прадстаўніцтва Белдзяржстраху):
–Мы – равеснікі з Яўгенам Радзівонавым, служылі ў адзін час. Нам – пашанцавала: мы былі пагранічнікамі ў мірнай Беларусі. На прыкладзе стаўшага святым мучанікам Яўгена Рускага, як называюць яго ў многіх краінах свету, можам рабіць выснову пра перавагу духоўнага над матэрыяльным. Можна выратаваць тленнае цела – цаной здрады. Але важней выратаваць несмяротную душу і застацца жывым для вечнасці...
Сяргей Барысевіч (райваенкамат):
–Што ёсць вера? Што ёсць душа? У звычайным жыцці мы называем гэта сумленнем. Заўсёды будзьце сумленныя перад памяццю сваіх продкаў. Не паддавайцеся на правакацыі тых, хто хоча фальсіфікаваць нашу гісторыю. Нават у інтэрнэце можна знайсці не толькі бруд, якім абліваюць наша мінулае – і далёкае ваеннае, і нядаўняе савецкае. Шукайце фільмы пра гонар і годнасць. Як гэты…
Віктар Сайко (сельгаскаледж):
–Складана без падрыхтоўкі зразумець гэты фільм, ён вельмі цяжкі для ўспрымання. Але няхай ён стане тым парасткам, на якім узгадоўваецца маральнасць. Яна – адзіная, што ў часы Ісуса Хрыста, што пры жыцці Яўгена Радзівонава, што ў нашым ХХІ стагоддзі.
Па просьбе выкладчыка сваю думку выказала і адна з глядачак. Кацярына Калянковіч звярнула ўвагу на подзвіг маці. Маці, якая ўхваліла ўчынак сына, што добраахвотна пайшоў служыць у “гарачай кропцы”. Маці, якая спадзявалася толькі на Бога і на сябе. Маці, якая праз 20 год пасля ўласнага вяселля сваімі рукамі выкапала сына з зямлі. Маці, якая знаходзіць суцяшэнне ў тым, што сын не здрадзіў праваслаўнай веры...