ПАМЯЦЬ ЗЛУЧАЕ ПАКАЛЕННІ
{jcomments on}Ужо чацвёрты год запар 22 чэрвеня, у дзень пачатку Вялікай Айчыннай, у 12 гадзін усё больш жыхароў Лунінца і раёна збіраюцца каля храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых”.
Новая царква пабудавана паміж двумя пахаваннямі – вайсковымі могілкамі Першай сусветнай вайны і брацкай магілай, дзе ў час нямецка-фашысцкай акупацыі закатаваны амаль 5 тысяч чырвонаармейцаў, партызан і мірных жыхароў. У 1967-ым тут насыпаны Курган Бессмяротнасці, дзе і адбываецца мітынг-рэквіем.
Спрадвечная ісціна, што гібель мільёнаў – статыстыка, а гібель аднаго чалавека – трагедыя. Кранае сціплы помнік з пералічэннем імёнаў знішчаных фашыстамі дзвюх сем’яў мірных жыхароў, які ў свой час так уразіў Уладзіміра Караткевіча, што пісьменнік занатаваў яго на перашй старонцы кнігі “Зямля пад белымі крыламі”. Па традыцыі тут планавалася правесці паніхіду памяці ўсіх загінуўшых, але нечакана пайшоў моцны дождж. Па прапанове настаяцеля храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” іерэя Сергія Крышталя сустрэчу перанеслі ў інфармацыйна-асветны цэнтр.
Сёлета ў памінальных мерапрыемствах прынялі ўдзел дзеці, якія вучацца і адпачываюць у профільным аздараўленчым лагеры “Зямляне” пры Лунінецкім ліцэі. Яны адзначылі, што з 4474 ахвяр фашызму, якія закатаваны ворагамі ва ўрочышы Баханова, дагэтуль застаюцца невядомымі больш як дзве тысячы чырвонаармейцаў. Паступова аднаўляюцца звесткі аб загінуўшых мірных жыхарах. У звонкай цішыні прыгадалі і дзевяць душ з сям’і Бернатоў-Дзямідаў, якія былі расстраляны 9 мая 1944-га…
Напярэдадні адноўлена чарговая трагедыя вайны. Старажылка паведаміла аб суседзях і іх сваяках, якія сталі лунінчанамі з 1939-га. Іх жонкі – родныя сёстры, паходзілі са смешаных сем’яў. Хтосьці данёс пра гэта акупантам. Немцы схапілі жанчын з дзецьмі, прапанаваўшы свабоду мужчынам. Тыя ж не страцілі гонар:
–Мы будзем там, дзе нашы сем’і…
Так расстралялі мужа і жонку Сухаўрэбавых (на жаль, забыты іх імёны) з 14-гадовым Генкай, сябрам дзяцінства пажылой лунінчанкі, а таксама Фёдара і Ганну Чыпулісаў з яшчэ меньшымі Людмілай і Ірынай.
Ветэран педагагічнай працы Таццяна Ільінічна Раковіч наведала Кургана Бессмяротнасці са стрыечнай сястрой. Усклаўшы кветкі да помніка, яна далучылася да паведамленняў дзяцей:
–Мая мама – родам з Азярніцы. Яе пляменнік да вайны быў савецкім актывістам. Вядома, што сярод мясцовых жыхароў хапала здраднікаў. Хтосьці данёс немцам. І яны расстралялі тут першага мужа маёй мамы – Васіля Сямёнавіча Кішкевіча з вёскі Красная Воля. Скажыце, у чым яго віна?..
Адказ на гэта рытарычнае пытанне ў пэўнай ступені даў свяшчэннік. Ён нагадаў аб чалавечаненавіснай палітыкі фашызму, якая імкнулася да панавання арыйцаў над усімі астатнімі народамі. Гэта быў выклік і праваслаўю: 73 гады таму вайна пачалася не толькі ў нядзелю, але і ў дзень Усіх святых, у зямлі Рускай праслаўленых. Сёлета 22 чэрвеня таксама супала з гэтым двайным святам.
–Молімся за ўстанаўленне міру на братняй Украіне і верым, што ўсведамленне трагедый Вялікай Айчыннай, у якой перамог савецкі народ, не дапусціць новай вайны на нашай шматпакутнай зямлі, – такімі словамі ўжо ў храме, пасля акафісту, бацюшка благаславіў дзяцей і дарослых на шанаванне гістарычнай памяці.