ВЯСНОВЫ БУКЕТ
{jcomments on}Імянінніцы сакавіка сабраліся ў інфармацыйна-асветным цэнтры пры храме іконы Божай Маці “Спаталенне пагіблых” г. Лунінца на традыцыйную сустрэчу.
Настаяцель іерэй Сергій Крышталь нагадаў, што Гасподзь і яго апосталы вучылі хрысціян хадайнічаць за сваіх бліжніх. Малітва за іншых ёсць выказванне любві да іх. Святыя на Небе моляцца за нас і клапоцяцца аб нашым збаўленні, а, разам з тым, дапамагаюць дасягнуць яго і сваім прыкладам. Знаёмства з іх жыццём абагачае хрысціян духоўным вопытам тых, хто больш старанна, чым іншыя, увасаблялі Евангелле ў справах. Святыя – гэта яркія зоркі, якія паказваюць нам шлях у Царства Нябеснае. У ліку ўзораў мужнасці і цярпення – пакутніца Галіна, якая ў ІІІ стагоддзі аддала сваё жыццё за веру Хрыстову.
Бацюшка павіншаваў лунінчанак з днём анёла. Адзначаць яго можна тройчы – 23 лютага, 23 сакавіка, 29 красавіка. Вядома, што Галіна ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “цішыня, спакой”. Пацікавіліся, ці адпавядаюць імянінніцы свайму імя? З усмешкай амаль кожная адказвала, што лічыць сябе рухомай, актыўнай, а эмоцыі іншы раз нават “зашкальваюць”. Усё ж, відавочна, уласцівы ім таксама стрыманасць і чуласць. Нездарма многія звязалі жыццё са сферай аховы здароўя. І яшчэ адна агульная рыса – усе вельмі любяць кветкі. Медсястра паліклінікі Галіна Уладзіміраўна Радзіяновіч радуецца палявым рамонкам. Яе калега Галіна Феліксаўна Качаноўская каля дома вырошчвае цюльпаны і півоні, у вазонах – фіялкі. Сястра-гаспадыня Галіна Андрэеўна Трысцень захоплена развядзеннем руж. Урач-тэрапеўт Галіна Мікалаеўна Велясюк аддае перавагу хрызантэмам. Былы эканаміст ААТ “Лунінецлес” Галіна Васільеўна Сумар захоплена архідэямі – і атрыманымі ў падарунак, і ўдалымі спробамі ўкараніць экзатычныя расліны. Урача-інфекцыяніста санітарнай службы Галіну Мікалаеўну Канапацкую прыцягваюць усе кветкі. Мама сакратара цэнтра дзіцячай творчасці Галіны Аляксандраўны Цыбульскай праз зычанні дачцы ўсім пажадала цярпення і спагады. Самыя шчырыя словы адрасавала імянінніцам дачка светлай памяці Галіны Міхайлаўны Лабачэўскай – былы кіраўнік бібліятэчнай сістэмы многім лунінчанам паспрыяла набыць любоў да кнігі. У даваенны час яе бацька ахвяраваў Лунінецкай Свята-Крыжаўзвіжанскай царкве абраз Божай Маці “Благадатнае неба”, што дагэтуль захоўваецца ў храме. Сімвалічна, што сустрэча адбывалася ў дзень святкавання гэтай іконы…
Спачатку – душэўнае, а потым – духоўнае. Так святыя айцы вызначалі хрысціянскае самаўдасканаленне. Лунінчанкі, двары і дамы якіх патанаюць у кветках, спрыяюць прыгажосці горада. У думках яны прысвячаюць букеты першага месяца вясны Божай Маці і сваім нябесным ахоўніцам.