Імянінніцы мая
УПРЫГОЖВАЦЬ СВЕТ кветкамі і мірам душы зычылі імянінніцы мая, якіх традыцыйна запрасіў інфармацыйна-асветны цэнтр пры лунінецкім храме іконы Божай Маці “Взыскание погибших”.
За клопат аб распаўсюджанні хрысціянства царква прызнала святой царыцу Грузіі Тамару (“пальма” па-грэчаску). Яна нарадзілася 830 год таму, шануецца не толькі на роднай зямлі, але і ва ўсіх праваслаўных краінах. Уклад Тамары ў сусветную культуру – падтрымка Шата Руставелі пры стварэнні ім “Віцязя ў тыгровай шкуры”.
Магілу паэта ў Іерусаліме абавязкова наведваюць грузіны пры паломніцтве па святой зямлі. Дзе ж пахавана Тамара – невядома. Яна давала моцны адпор мусульманскім заваёўнікам і ўведамляла, што ёй будуць помсціць і пасля смерці. Верныя памяці царыцы служыцелі панеслі восем трун з палаца ў розныя бакі…
Калі Тамара адзначаецца толькі раз у год – 14 мая, то Ірыны (“мірная” па-грэчаску) святкуюць дзень анёла неаднойчы. Адна з самых шануемых святых – славянка з Македоніі, якая жыла ў другой палове І стагоддзя і далучыла да хрысіцянства больш як дзесяць тысяч паганцаў. Дзень яе памяці – 18 мая. Шмат храмаў ў Царградзе (Візантыя) было прысвечана святой Ірыне. Старажытная царква ХVII стагоддзя аднаўляецца і ў Маскве. Імянінніц зацікавіла, што менавіта ў Ірынінскім храме летась адкрыта падвор’е Беларускага Экзархата.
За “салодкім” сталом, упрыгожаным велікодным дрэвам, настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь пазнаёміў з жыццямі святых і падарыў гасцям іерусалімскія іконы. У ліку імянінніц павіншавалі і матушку Ірыну Мікалаеўну (злева, справа – яе калега па рабоце ў паліклініцы ўрач-тэрапеўт Галіна Мікалаеўна Велясюк), якая працуе дзіцячым оталарынголагам. Пачаставаўшыся чаем з цукеркамі, дзве іх дачушкі пабеглі на царкоўны двор, дзе прыхаджанкі займаліся азеляненнем тэрыторыі. Калі 7-гадовая Іаана і 5-гадовая Варвара вярнуліся, не хавалі сваёй радасці:
–Мама, тата, мы пасадзілі маргарыткі і незабудкі, палівалі іх і будзем даглядаць нашы кветкі!
Сапраўдны падарунак для бацькоў – бачыць, як іх дзеці захоплены працай…