МАЗЫР ПРЫМАЎ ЛУНІНЧАН

а таксама прадстаўнікоў многіх гарадоў усіх абласцей нашай краіны і расійскай Браншчыны – удзельнікаў V Тураўскіх епархіяльных адукацыйных чытанняў. Міжнародная сустрэча была арганізавана Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя І.П. Шамякіна.
Тут адбылося пленарнае пасяджэнне, а пасяджэнні па секцыях “пераехалі” ў Калінкавіцкую гімназію. Лунінецкая дэлегацыя асабліва адзначала гасцінны прыём і выдатную арганізацыю мерапрыемства, якое сумесна праводзілі навукоўцы і духавенства (за садзейнічанне паездцы лунінчане выказваюць удзячнасць ТПУП “Еўрарэйс”).
Папрасіла землякоў падзяліцца ўражаннямі.
Ірына Аляксандраўна Грушэўская, настаўнік замежных моў гімназіі г. Лунінца:
–Цікавасць выклікаў рознаўзроставы склад удзельнікаў – вучні, студэнты, выкладчыкі школ, каледжаў і ВНУ, прадстаўнікі іншых прафесій. Асобныя выступленні былі такімі змястоўнымі, што мы канспектавалі лектараў. Добра было прынята даследаванне “Духоўная ахвяра радзіме” нашай вучаніцы Юліі Канапацкай (10 “Б”) аб гісторыку і філолагу Мікалаі Анцукевічы. Гэта – ураджэнец Гомельшчыны, што зрабіла даклад юнай лунінчанкі асабліва знамянальным у Год малой радзімы.
Дзіяна Раманаўна Сладзінская, настаўнік гісторыі СШ №2 г. Лунінца:
–Для маіх вучаніц гэта быў вопыт выступлення перад аўдыторыяй высокага інтэлектуальнага ўзроўню, з-за чаго яны вельмі хваляваліся. Аліна Жук (10 “Б”) сваю працу прысвяціла свяшчэннамучаніку Уладзіміру Талюшу – бацьку былой настаўніцы нашай школы. Паспяхова абараніла даследаванне “Сувораў – хрысціянін, палкаводзец, асоба” Дзіна Раковіч (9 “В”), якая ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені.
Ніна Мікалаеўна Дамашэвіч, бібліятэкар сельгаскаледжа:
–З даследаваннем “Мелясніца – адна з сясцёр Хатыні” выступала ўжо на шэрагу канферэнцый: і ў вобласці, і ў сталіцы. У Мазыры праца адзначана Дыпломам ІІІ ступені. Для сябе зрабіла выснову: трэба захапляць адметнасцямі малой радзімы, яны прыцягваюць увагу жыхароў розных мясцін…
Віталь Іванавіч Драніч, сакратар Лунінецкай “пярвічкі” Пінскай гарадской арганізацыі Беларускага саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы:
–Упершыню быў у Мазыры, упершыню слухаў даклады дактароў навук, што кампенсавалі многія тамы непрачытаных кніг. А якія цікавыя даследаванні праводзяць дзеці, якія цудоўныя вышыўкі ікон паказалі на выставе! Выступіў з паведамленнем аб злёце праваслаўнай моладзі, у якім сёлета прымаў удзел. Імкнуўся перадаць незнаёмым людзям тое захапленне лунінецкімі педагогамі, якія аддаюць свае ўменні і сваю любоў дзецям не толькі ў час працы, але і ў вольны час. Маё выступленне было названа “Моцная сям’я – моцная дзяржава”. Адна ж з мэт летняга адпачынку – даць “пакаленню next” уяўленне аб спрадвечным ладзе жыцця (сон – на зямлі, абед – на кастры, дасягненне поспеху – камандай), якога пазбаўляе сённяшняя нацэленасць большасці бацькоў на празмерны камфорт. Марым, што з цягам часу нашы духоўна-патрыятычныя сустрэчы на ўзбярэжжы Белага возера стануць сямейнымі.