“Чалавек без пачуцця гумару – грэшны…”
Гэту думку выказвалі многія святыя айцы. Адзін з самых шануемых аптымістаў у хрысціянстве – Антоній Вялікі, Егіпецкі, сцвярджаў: калі чалавек не будзе смяяцца, ён лопне ад напружання.
Чарговую сустрэчу ў інфармацыйна-асветным цэнтры “Духовная среда” (па-руску) пры храме іконы Богамаці “Взыскание погибших” г. Лунінца настаяцель іерэй Сергій Крышталь умоўна назваў Свята-Антоніеўскімі чытаннямі. Галоўным “дакладчыкам” стала вядомая байкапісца Настасся Якавец з Лобчы. Гумарыстычныя творы выконвала аўтар, 11-класнік СШ №4 Уладзімір Каховіч і старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Казанкова. Захопленныя слухачы не хавалі ўражанняў.
Стас Ванюк, вучань 11-га класа ліцэя:
–Упершыню чуў выступленне Настассі Якавец. Мне вельмі падабалася. У нечым падобныя сюжэты расказваў мой дзядуля, які жыве ў вёсцы Галы Бор. Але зарыфмаваныя радкі выклікаюць яшчэ больш шчырую весялосць.
Ганна Курак, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ:
–У Мінску для мяне звычайна размаўляць па-беларуску, што ў Лунінцы выклікае дзіўленне. Тым больш захапляюся Настассяй Іванаўнай, якая піша байкі на мясцовых дыялектах. Дзякуючы гэтаму, “лабэцкая мова” набыла вядомасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Наталля Бойка, намеснік дырэктара ліцэя:
–Аб Настассі Якавец паведамляе “Энцыклапедыя фальклору”, значыць, самадзейны аўтар стаў класікам жанра. Да яе дома не спыняецца культурнае паломніцтва студэнтаў-філолагаў і вучоных-этнографаў. Жыццё і творчасць Настассі Іванаўны – прыклад сапраўднага патрыятызму, адданага служэння малой радзіме.
Лідзія Страбкова, медсястра:
–Доўга вагалася наконт свайго ўдзелу ў сустрэчы: не споўнілася яшчэ сорак дзён, як памерла мая мама. А прыйшла – і такое суцяшэнне душы атрымала! Нізкі паклон і моцнага здароўя Настассі Іванаўне – не толькі таленавітай творцы, але і вельмі добраму чалавеку…
Ад імя прыхаджан бацюшка кветкамі і падарункамі павіншаваў госцю з днём нараджэння. Кнігі былі ўручаны ўсім чытальнікам і старшыні Лунінскага сельвыканкама Аляксандру Якаўцу, які садзейнічаў арганізацыі сустрэчы.