ЛІСТАПАД І РУЖЫ на архіерэйскім падвор’і
Як вярнуцца да сямейных каштоўнасцей? Гэтым пытаннем былі прасякнуты многія выступленні ўдзельнікаў Свята-Макарыеўскіх адукацыйных чытанняў.
“Традыцыя і навацыі: культура, грамадства, асоба” – такой была тэма сустрэчы ў Пінскай гарадской бібліятэцы. Восем благачыній прадстаўлялі свяшчэннікі і клір, а таксама педагогі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму адпаведных райвыканкамаў. Удзельнікаў чытанняў вітаў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, кіраўнікі шэрагу службаў Пінскага гарвыканкама, а вёў – кіраўнік епархіяльнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі іерэй Віктар Сачкоўскі.
Адкрыў сустрэчу сакратар сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, настаяцель прыхода храма праведнага Іаана Крандштадскага г. Мінска іерэй Алексій Хацееў. Даклад аб пачатку праваслаўя на беларускіх землях ён завяршыў думкай вядомых навукоўцаў: хрысціянства прынесла маральныя адносіны да рэчаіснасці. Кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Інстытута турызму БДУ ФК Віктар Калесніковіч, прысвяціўшы выступленне праведнай Ефрасініі, ігуменіі Полацкай, адзначыў унікальнасць першай асветніцы Русі, роўнай якой у той час не ведала Еўропа. На актуальнасці духоўна-маральнага выхавання моладзі на сучасным этапе спынілася кандыдат педагагічных навук, дацэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна Любоў Макарава.
Аб супрацоўніцтве свяшчэннікаў з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам паведаміў настаяцель храма благавернага князя Аляксандра Неўскага протаіерэй Віталій Лазоўскі. Царкоўным поглядам на асэнсаванне навацыйных працэсаў у культуры і навуцы падзяліўся кандыдат багаслоўя і філасофскіх навук, прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Сергій Маўсесян.
Надзвычай зацікавілі выступленні практыкаў. Удзельнікі чытанняў асабліва віталі думку галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму лунінчанкі Таццяну Трэгубавай, якая ў дакладзе “Нам не дано предугадать, чем наше слово отзовется” нагадала аб місіянерскай ролі настаўніка. Аб сутнасці і праблемах духоўна-маральнага выхавання вучняў у сучаснай школе разважаў кандыдат педагагічных навук дырэктар СШ №12 г. Пінска Леанід Ярашэвіч. На яго думку, некаторыя законы, якія прыняты дзяржавай па заходніх узорах, супярэчаць нашым традыцыйным сямейным каштоўнасцям.
Цытаванне Леанідам Аляксандравічам пазіцый святых айцоў, што “біццё – на карысць, калі цэлыя косці”, выклікала апладысменты падтрымкі і свяшчэннікаў, і педагогаў. Уражваючымі выпадкамі з рэальнага жыцця канкрэтызаваў сучасны погляд на ўзаемадзеянне медыцыны і Праваслаўнай Царквы кандыдат медыцынскіх навук, галоўны ўрач Пінскай дзіцячай бальніцы хірург Мікалай Целяціцкі.
Пленарнае пасяджэнне працягнулася не менш захапляючай работай у секцыях. Настаўнікі дзяліліся распаўсюджаннем педагагічнага вопыту духоўна-маральнага выхавання школьнікаў. Узаемадзенне Праваслаўнай Царквы з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ў сферы сацыяльнага служэння абмяркоўвалі памочнікі благачынных па гэтых пытаннях. Да духоўнага адраджэння грамадства праз праваслаўную кнігу заклікалі свецкія і царкоўныя бібліятэкары.
Чацвёртая секцыя – “Царква і мэдыа” – на чале з прэс-сакратаром епархіі, кандыдатам багаслоўя іерэем Іаанам Гарбуновым сабрала журналістаў, якія пішуць на духоўную тэму, і прадстаўнікоў прэс-службаў прыходаў. Ажыўлены абмен думкамі адбываўся ў памяшканні нядзельнай школы храма Уваскрэсення Славушчага – архіерэйскага сабора.
Адрашыўшыся ад будзённай мітусні, уражаныя высокімі духоўнымі імкненнямі сучаснікаў раптам звярнулі ўвагу, што на кветніках каля храма не здаюцца надыходзячай зіме прыгожыя буйныя ружы…