НЯБЕСНЫ АХОЎНІК МЕДЫКАЎ
{jcomments on}Так называюць свяціцеля Луку, архіепіскапа Сімферопальскага
Іконе з часцінкай мошчаў святога можна будзе пакланіцца 29, 30, 31 ліпеня і 1 жніўня ў Лунінецкім храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых”. Аб гэтым паведаміў настаяцель іерэй Сергій Крышталь на сустрэчы ў раённай паліклініцы. Ён коратка нагадаў біяграфію святога. Адзіны са свяшчэннікаў, свяціцель Лука быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР, якая тады называлася Сталінскай.Такой жа вядомасці, як пранікнёныя пропаведзі архірэя, заслужылі і яго працы па медыцыне, дзе Валянцін Война-Ясянецкі (мірскія імя і прозвішча) меў званне доктара навук.
Адначасова з духоўным служэннем, ён вёў і ўрачэбную практыку, прымаючы шматлікіх пацыентаў і выконваючы самыя складаныя аперацыі. Дадаць трэба, што справу лячэння хворых ніколі не пакідаў, нават калі знаходзіўся ў ссылках ці турмах за адмову адракціся ад служэння Богу…
Прысутных асабліва ўразіў такі гістарычны факт. Кажуць, што пры ўручэнні прэміі Сталін спытаў Валянціна Феліксавіча:
–Вось вы шмат аперацый зрабілі. Няўжо ўбачылі душу чалавека?
–Я не ўбачыў і такой маральнай катэгорыі, як сумленне, і ўсё ж у некаторых людзей яно ёсць, – спакойна адказаў архіерэй, і больш пытанняў яму не паступала…
Адгукнуўшыся на запрашэнне бацюшкі, шэраг урачоў і медсясцёр наведалі інфармацыйна-асветны цэнтр храма і праглядзелі фільм, створаны ў гонар Лукі (Война-Ясянецкага). Хочацца спадзявацца, што распаўсюджанне інфармацыі аб святым пашырыць кола жадаючых пакланіцца яго іконе з часцінкай мошчаў са шчырай верай у атрыманне дапамогі ці малітоўнай просьбай аб міры на Украіне.