“…И ПАМЯТЬ СЕРДЦА ГОВОРИТ”
22 чэрвеня ў афіцыйным календары пазначаны як Дзень усенароднай памяці і смутку.
У Лунінцы Курган Бессмяротнасці насыпаны на месцы масавых расстрэлаў у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі ў памяць пра больш як 4 тысячы загінуўшых. У 72-ую гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай у 12 гадзін каля мемарыяльнага знака сабраліся лунінчане, у якіх тут пахаваны родныя і блізкія. Успаміны старажылаў і ветэранаў педагагічнай працы ўважліва слухалі ліцэісты і іх настаўнікі, маладыя гараджане і госці Лунінца.
З пранікнёнымі словамі да прысутных звярнуўся настаяцель храма Багародзіцы “Взыскание погибших” іерэй Сергій Крышталь. Свяшчэннік нагадаў, што сёлета гэты дзень прыпаў на траецкую бацькоўскую суботу, таму з раніцы ў царквах паміналі памерлых продкаў, узносіліся малітвы за загінуўшых воінаў і ахвяр вайны.
Вяртаючыся з сумна-памятнага месца, сустракалі шмат вясельных картэжаў. Гэта падалося сімвалам неўміручасці жыцця. Толькі б захавалася прыгожая традыцыя, калі пасля рэгістрацыі ў ЗАГСе маладажоны ўскладаюць кветкі да абеліскаў з удзячнасцю вызваліцелям за 68 год міру…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.