ЯК ПЕРААДОЛЕЦЬ СТРАХ?
Адказ і на гэта пытанне даў дакументальны фільм “Сакрэтная місія. Афганскі рубеж”. У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” разам з ветэранамі органаў пагранічнай службы кіно зноў глядзелі вучні СШ №1 г. Лунінца і сельгаскаледжа, а таксама СШ в. Вулька 2.
Стужка мела падзагаловак “Пагранічнікі ў Афганістане пасля 15 лютага 1989 года”. Нядаўна рассакрэчаныя матэрыялы пра тыя падзеі паведамляюць, што, нават пасля афіцыйнага выхаду абмежаванага савецкага кантынгенту, на тэрыторыі ДРА заставалася каля 10 тысяч пагранічных войскаў, некаторыя падраздзяленні – яшчэ 3 гады...
З асаблівым хваляваннем глядзелі фільм былыя воіны-інтэрнацыяналісты Іван Сацкевіч, Іван Каховіч і Віктар Сайко. Менавіта да іх звяртаўся настаяцель протаіерэй Сергій Крышталь, гаворачы аб удзельніках баявых дзеянняў:
–Гэтыя людзі на справе даказвалі вышэйшую хрысціянскую ісціну: няма больш той любові, як аддаць жыццё за сяброў сваіх…
І адказ ветэрана-“афганца” на пытанне, вынесенае ў загаловак, быў вельмі сугучным словам свяшчэнніка:
–Паглядзі на суседа з левага боку… Паглядзі на суседа справа… Разлічы свой боезапас. Пастаянна думай аб тым, што таварышам можа спатрэбіцца твая дапамога. І ты забудзеш пра ўласны страх…
Цікавымі былі ўспаміны ветэранаў-пагранічнікаў. Настаўнік гісторыі СШ в. Вулька 2 Анатоль Вячорка служыў на Далёкім Усходзе, інжынер водоканала Аляксандр Місюра (які прыгадваў аб службе з верным сябрам – сабакам) і гукааператар ГДК Генадзь Ярмоліч – у Сярэднеазіяцкай пагранічнай акрузе. А служба чыгуначніка Віталія Драніча праходзіла на той жа мяжы (раней – савецкай, цяпер – таджыцкай) з Афганістанам, дзе адбываліся здымкі фільма. Кожны з удзельнікаў сустрэчы даваў свае парады будучым абаронцам Айчыны.
Дзякуючы за сустрэчу, настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ №1 г. Лунінца Таццяна Мікалаеўна Байда адзначыла:
–Нашы 9-класнікі яшчэ не вывучаюць навейшую гісторыю, не ведаюць аб так званай неаб’яўленай вайне ў Афганістане. Але духоўна-патрыятычны праект, удзельнікамі якога мы з’яўляемся, заклікае нас да паглыбленых разваг аб героях і подзвігах, да развіцця тэмы мужнасці і мужчынскіх учынкаў у мірным жыцці. Будзем працягваць размовы на прадметных уроках, класных гадзінах…