300 год археірэю, абараніўшаму “дысідэнтаў”
Памяці свяціцеля Георгія (Каніскага) (1717-1795), архіепіскапа Магілёўскага.
У жыцці любога святога шукаем моманты, блізкія асабіста. Каб лепш усвядоміць складаны час, у маі на сцэне ГДК падрыхтавалі праграму аб перыядзе, калі Візантыя пайшла на саюз з Рымам; аб уніі, якую катэгарычна адвергла Маскоўскае царства, а Украінскае Праваславіе стала заложнікам геапалітычных змен у Еўропе; аб 1458 годзе, калі адзіная Праваслаўная мітраполія Русі падзялілася на дзве – Маскоўскую і Кіеўскую; ушанавалі памяць свяшчэннамучаніка Макарыя (+1497), мітрапаліта Кіеўскага, які 520 год таму паказаў прыклад ахвярнасці ў імя Праваслаўя…
Пазней і на тэрыторыі нашай краіны перамагло імкненне “ўладу маючых” злучыць Польшчу і Русь Літоўскую пад каронай польскіх каралей. Да сярэдзіны XVIII-га ў Рэчы Паспалітай заставалася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у горадзе Магілёў.
(Прыемна, што ў яе былі саюзнікі на Лунінеччыне – Дзяцелавіцкі Нова-Пячэрскі Спаса-Прэабражэнскі праваслаўны мужчынскі манастыр, які дзейнічаў у 1622-1855 гг., праваслаўны храм у Лунінцы і шэрагу паселішчаў).
Будучы палымяны абаронца праваслаўя Рыгор Восіпавіч Каніскі нарадзіўся ў Нежыне.
(І гэты горад адзначаны ў лунінецкай гісторыяграфіі. Пазней тут будзе заснаваны прыватны гісторыка-філалагічны інстытут, які ў ХІХ стагоддзі будзе адным з дзвюх вышэйшых навучальных устаноў падобнага кшталту – другі, дзяржаўны, у Санкт-Пецярбургу. Выпускніком Нежынскага інстытута стане вядомы гісторык і лінгвіст М.П. Анцукевіч, які сваёй працай праславіць Лунінец і ў Расіі, і ў Літве…).
Свяціцель Георгій (Каніскі) набыў выдатную адукацыю ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе яго запрасілі застацца выкладчыкам паэзіі, філасофіі і багаслоўя. Манаства прыняў у Кіева-Пячэрскай лаўры. Духоўная іерархія, якую пачаў іерадыяканам, працягнулася санам архімандрыта. Грунтоўная навуковая дзейнасць дазволіла таленавітаму лектару дасягнуць пасады рэктара яго роднай “альма-матэр”.
У 1755 годзе архімандрыт Георгій (Каніскі) быў выбраны на Магілёўскую кафедру. Гэта быў час, калі ў каталіцкіх улад Рэчы Паспалітай панавала ўпэўненасць у канчатковым знішчэнні праваслаўя. На беларускіх землях заставалася толькі каля 150 праваслаўных храмаў. Іх забаранялі рамантаваць, не кажучы ўжо аб будаўніцтве новых, часта храмы захопвалі ўзброенымі сіламі, прымушалі “хлопаў” (па-іншаму не называлі сялян католікі-паны) адракацца сваёй веры і выхоўваць у каталіцтве дзяцей.
Гэтыя абставіны не напалохалі епіскапа Георгія (Каніскага). Чалавек моцнай волі і неўтаймавальнай энергіі, глыбока ведаючы польскую і беларуска-літоўскую гісторыю, грамадзянскае права і судавытворчасць, выдатна валодаючы польскай мовай, будучы свяціцель розумам прыняў жорсткую рэчаіснасць, смела і мужна пачаў вялікі подзвіг абароны Праваслаўя.
Яго намаганні адпавядалі народнай прымаўцы: “І адзін у полі воін”. Дададзім: калі гэта – воін Хрыстоў. Як мала ў яго было аднадумцаў – толькі самыя бліжэйшыя супрацоўнікі! Але ў Магілёве епіскап Георгій (Каніскі) здолеў адкрыць духоўную семінарыю, зацвердзіў некалькі ўсесаслоўных школ для міран. Заснаваў друкарню – і першай сярод царкоўных кніг выйшаў “Кароткі Катэхізіс”. Асаблівую ўвагу надаў стварэнню архіва Магілёўскай епархіі, дзе збіраліся дакументы, што сведчылі аб правах і прывілеях Праваслаўнай Царквы ў Польска-Літоўскай дзяржаве. Так рыхтавалася прававая аргументацыя для абароны Праваслаўя.
Дысідэнт (з лацінскага) – гэта чалавек, які адстойвае погляды, што радыкальна разыходзяцца з агульнапрынятымі. У лексікон сучаснікаў слова прышло ў часы “савецкага застою”, у пераважнай большасці народа яно мела негатыўнае адценне.
Як жа цікава сустрэць гэты тэрмін у падзеях 1765 года! Летам епіскап Георгій (Каніскі) паехаў у Варшаву, каб быць прадстаўленым новаму каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. 27 ліпеня (знакавая дата і ў навейшай беларускай гісторыі) будучы свяціцель выступіў з прамовай аб цяжкім становішчы праваслаўных і ўсіх некатолікаў-“дысідэнтаў”. Яго словы былі перакладзены на некалькі еўрапейскіх моў як узор абароны верацярпімасці! Як злабадзённа гучыць і сёння:
«Вера наша — вот единственное преступление, в котором нас обвиняют… Мы христиане, но христианами же утесняемся… за то, что мы не дерзаем толковать вечные Божии законы согласно с преданиями человеческими, и, так сказать, не смешиваем неба с землею, — за то, говорю, называют нас схизматиками, богоотступниками. За то, что страшимся противоречить с бесстыдством гласу совести, осуждают нас на заключение в темницы, на раны, на позорную казнь и сожжение!».
Які важны ўрок для сучаснікаў: слова тады становіцца справай, калі падмацоўваецца пісьмовым абгрунтаваннем. Разам з прамовай архіерэй уручыў каралю і пералік крыўдаў праваслаўным з пералічэннем 200 храмаў, якія былі забраны уніяцкім духавенствам. На працягу трох год у Варшаве епіскап Георгій (Каніскі) выдаў сбор законаў Рэчы Паспалітай, які гарантаваў правы Праваслаўнай веры (“Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага спавядання ў Польшчы і Літве”); праз рускага пасланніка падаваў на сеймы патрабаванні аб вяртанні цэркваў, што былі забраны; дабіваўся выдання законаў, якія б гарантавалі свабоду праваслаўнага спавядання.
Уплыў рускага пасланніка, дыпламатычныя прыёмы, дэманстрацыя ваеннай сілы далі свой вынік. Многія патрабаванні епіскапа Георгія (Каніскага) былі задаволены – на паперы. Але і ў гэтым выпадку сапраўдны тэрор пачалі каталіцкія ўлады. У гэты час праследаванні Праваслаўнай Царквы дасягнула такой ступені жорсткасці, што праваслаўныя людзі з крыкам і плачам беглі на могілкі і, абдымаючы халодныя надмагільныя помнікі сваякоў, з жалем скардзіліся: «Блаженны вы, умерши в благочестии».
Жыццё архіерэя таксама аказалася ў небяспецы. Адбылося шэраг замахаў на яго жыццё, і свяціцель вымушаны быў пакінуць краіну. Перажытыя цяжкасці ў Польска-Літоўскай дзяржаве ён ахарактарызаваў словамі: «Семнадцать лет боролся я с волками…». Да 1772 года епіскап Георгій (Каніскі) знаходзіўся ў Смаленску.
(Не пабочны горад у гісторыі нашай краіны – як вядома, тут 1 студзеня 1919 года была абвешчана Беларуская ССР).
Вітаючы Першы падзел Рэчы Паспалітай, архіерэй параўнаў яго з біблейскім вызваленнем ад егіпецкага рабства. У свяціцеля Георгія была мара – вярнуць да спрадвечнай праваслаўнай веры уніятаў. І гэта ўдалося ажыццявіць, дзякуючы вышэй азначаным палітычным падзеям. Ён разаслаў па ўсёй Беларусі пасланне да тых, хто жадаў уз’яднацца з Праваслаўем, каб яны заявілі аб сваім пераходзе асабіста яму ці ў гарадскія суды.
Аказалась, што вялікая колькасць тых, каго прымусова далучылі да уніі, жадала вярнуцца ў Праваслаўе. Адпаведныя прашэнні падавалі цэлыя прыходы. Такі дазвол быў дадзены ў 1780 годзе. Да вераспавядання продкаў вярнулася 112 тысяч беларусаў. Калі ж у 1795 годзе, адразу пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, імператрыца Кацярына II канчаткова зняла ўсе абмежаванні, за кароткі перыяд з Праваслаўнай Царковой уз’ядналася каля 1,5 мільёна уніятаў. Пераважная большасць была ўкраінцамі, але і больш як 200 тысяч – беларусамі.
Яшчэ раней, у 1785 годзе, стараннямі свяціцеля Георгія ў Слуцку была зацверджана праваслаўная кафедра. У 1793-ім яна была пераведзена ў Мінск, што стала пачаткам Мінскай епархіі.
Па шырыні сваёй дзейнасці архіепіскап Георгій (Каніскі) аднаўляў Праваслаўе не толькі на Магілёўшчыне, але і па ўсёй Беларусі. Ён вядомы і багаслоўскімі працамі, і разнастайнымі палемічнымі трактатамі (напрыклад, супраць пісьмаў Вальтэра, якія распаўсюджвалі нявер’е і былі папулярнымі ў свецкім грамадстве). Архіерэй сабраў багацейшую бібліятэку (1269 кніг, 241 рукапіс), адкрыў некалькі шпіталяў, прытулкаў, вызначаўся дабрачыннай дзейнасцю.
У свой час свяціцель Георгій напісаў эпітафію, якая пасля яго смерці была напісана на надмагільным помніку:
Колыбель Нежин, Киев мой учитель,
Я в тридцать восемь лет сделался святитель.
Семнадцать лет боролся я с волками.
А двадцать два, как Пастырь, отдохнул с овцами.
За претерпенные труды и непогоду,
Архиепископом и Членом стал Синоду…
Нятленныя мошчы свяціцеля Георгія былі страчаны ў атэістычны час. Але памяць аб служэнні Праваслаўнай Царкве мацнейшая за матэрыяльныя аб’екты. У 1993 годзе адбылася кананізацыя архіепіскапа Георгія (Каніскага). Імя свяціцеля шануецца двойчы ў год – 26 лютага (дзень прадстаўлення) і 6 жніўня (дзень праслаўлення).