“АД ДУШЭЎНАГА – ДА ДУХОЎНАГА…”
Апостальскія словы вызначалі сутнасць ХІІ літаратурна-краязнаўчай канферэнцыі, якая адбылася ў гімназіі г. Лунінца.
У вірлівы час зменлівых палітычных падзей грамадства часта здраджвае і сваім ідэалам, і сваім героям. Толькі Царква застаецца ўвасабленнем непахіснасці ва ўшанаванні святых, якія аддалі жыццё хрысціянскаму служэнню. Падобныя адносіны імкнуцца ўзяць за прыклад лунінчане, якія шмат год праводзяць сустрэчы, прысвечаныя трагічна загінуўшаму чэкісту і пісьменніку Мікалаю Калінковічу (18.12.1950-24.07.1990).
Дыпломамі яго памяці ўзнагароджваюцца землякі, якія дасягаюць плёну ў прафесіі і творчасці.
Супрацоўнік Лунінецкага аддзялення УКДБ па Брэсцкай вобласці Сяргей Хамук першай уручыў узнагароду настаўніцы гімназіі г. Лунінца Галіне Мікалаеўне Сіманавай. 20 год таму яна арганізавала навуковае таварыства вучняў “Зямляне”. За гэты час падрыхтавана шмат даследаванняў у розных сферах, што дазволіла прэстыжнай установе адукацыі атрымаць вядомасць і на міжнародным узроўні.
Сведчаннем адкрыццяў нашага часу стала прэзентацыя “Уладыка і Пясняр”. 10-класніца Вераніка Макаловіч паказала працу аб ушанаванні імя Якуба Коласа архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Сцяфанам. Цікавымі палескімі старонкамі ў біяграфіі класіка нацыянальнай літаратуры падзяліўся журналіст газеты “Пінскі веснік” Вячаслаў Ільянкоў, які быў ганаровым госцем сустрэчы.
Праграма сведчыла: адкрыцці адбываюцца там, дзе працуюць шчырыя, неабыякавыя людзі. Прыклад можна браць з Багданаўскай СШ. 5-класнік Станіслаў Верас узнагароджаны за мастацкае выкананне вершаў. Юнага чытальніка падрыхтавала настаўніца Вера Канстанцінаўна Ільючык. Сама яна, аматар літаратурнай творчасці, адзначана дыпломам памяці паэткі Вольгі Аляшкевіч за цыкл вершаў, прысвечаных малой радзіме. Пераможцай конкурсу малюнкаў стала вучаніца 3-га класа Вікторыя Савіч. За выхаванне ў вучняў умення ствараць прыгажосць узнагароджана кіраўнік гуртка “Акадэмія маленькіх чараўніц” Алена Іванаўна Ільючык.
Падкрэсліваючы, што Лунінец – горад, народжаны чыгункай, актыўны ўдзел у праграме прынялі прадстаўнікі станцыі, лакаматыўнага дэпо, дыстанцыі пуці, аддзела рабочага забяспячэння, якія паклапаціліся аб кветках і падарунках.
Дыпломамі, якія ўручаліся героям сустрэчы, была ўшанавана памяць творцаў пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя – мастакоў Георгія і Міхаіла Ішчанкаў, музыкантаў Аляксея і Аляксандра Матэусаў, спявачкі Ксеніі Бесан, марафонца Мікалая Адамчыка. Усе яны ў свой час былі героямі нарысаў Мікалая Калінковіча. Узнагароды ў памяць адметных асоб атрымалі ўзорны аркестр народных інструментаў Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Мікалай Міхайлавіч Корчык), настаўніца ДШМ Алена Сяргееўна Пятрэнка, якая спалучае выкладанне музыкі і служэнне ў храме, захопленая спортам 11-класніца гімназіі Насця Грудзько. Гэта сведчыла аб пераемнасці пакаленняў і трывалым падмурку для сучаснікаў, якія сваімі дасягненнямі славяць родны край.
Праграма даказвала, што апантаныя творчасцю асобы жывуць побач, што і ў наш час адбываюцца гістарычныя падзеі. Бібліятэкар гімназіі Ірына Пятроўна Раманчук нагадала, што, пры ўсім захапленні інтэрнэтам, часцей трэба прыгадваць словы стваральніка вядомай сацыяльнай сеткі: тыя, хто чытае, заўсёды будуць кіраваць тымі, хто бессэнсоўна марнуе час каля камп’ютэра. Перавагі творчага жыцця над віртуальнай рэальнасцю дэманстравалі падрыхтаваныя ёю выставы кніг і фотаздымкаў, адлюстраваўшыя радзімазнаўства ў падзеях і асобах.
Сустрэча прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, чыгуначнага вузла, устаноў адукацыі і культуры душэўным пачаткам імкнулася да духоўнасці. Гэта адзначыў кіраўнік аддзела Пінскай епархіі протаіерэй Сергій Рабой, іншыя свяшчэннаслужыцелі. Музычнымі здольнасцямі натхнялі на творчасць мастацкія калектывы, у складзе якіх пераважаюць спевакі царкоўных хораў. Ансамбль “Элегія” Дварэцкай ДШМ узначальвае Алена Чыж – рэгент Спаса-Прэабражэнскага храма в. Язвінкі. У народным аркестры народных інструментаў Лунінецкай ДШМ пад кіраўніцтвам Наталлі Юрцэвіч удзельнічаюць кіраўнікі і спевакі хораў лунінецкіх храмаў – Свята-Крыжаўзвіжанскага і іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Усеагульнае захапленне выклікаюць салісты – дыякан Васілій Мартынаў і рэгент Таццяна Мартынава. Цудоўны канцэрт у Год культуры стаў падарункам усім удзельнікам свята.
Цяперашні кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Зямляне” настаўніца Ірына Аляксандраўна Грушэўская адзначана Граматай Пінскай епархіі. На яе думку, неабходна зараджацца энергіяй нацыянальных святынь і неабыякавых людей, каб аднаўляць у грамадстве традыцыйныя маральныя каштоўнасці. У Лунінцы такім згуртоўваючым момантам служыць сустрэча ў памяць чэкіста і пісьменніка М.М. Калінковіча, развіццё краязнаўства у працяг пачатых ім спраў...