КОНКУРС “ПРЫГАЖОСЦЬ БОЖАГА СВЕТУ”
У ІХ Міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці прынялі ўдзел 138 аўтараў ад 4-ох (адзін) да 17-ці (двое) год. 29 юных мастакоў – хлопчыкі. 28 аўтараў маюць па 11 год, па 15 чалавек – ва ўзроставых групах 12, 13, 10 і 6 год.
Прадстаўлена 148 работ. У сямі аўтараў – па 2, у двух – па 3, адна – двух аўтараў, адна – групавая. З жанраў перавалодвае жывапіс. Адна работа – выцінанка, тры – змешаная тэхніка, па адной – малюнак на шкле і выпальванне па дрэве.
Свае малюнкі даслалі школьнікі вёсак Багданаўка, Бастынь, Бродніца, Вялікія Чучавічы, Дварэц, Дубаўка, Кажан-Гарадок, Красная Воля, Лахва, Лобча, Язвінкі, мікашэвіцкіх гімназіі, СШ №2 і №3, лунінецкіх СШ №4 і цэнтра дзіцячай творчасці.
Журы ў складзе двух свяшчэннікаў і сямі прадстаўнікоў грамадскасці вельмі складана было вызначыць лепшыя работы, ацэнкі якіх адрозніваліся літаральна адным-двума баламі.
Як і можна было меркаваць, найбольш дасканалымі былі творы выхаванцаў мастацкага аддзялення Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў. Аўтары лепшых работ: 15-гадовыя Вікторыя Кошаль (“Дзіця Божае”) і Алёна Наварыч (“Проста любоў”), 17-гадовая Кацярына Панасюк (“Сонечны дождж”) – вучні педагога А.С. Куліковіч; 14-гадовая Анастасія Астапчык (“Ты не адзін”) – выкладчык Н.В. Верамеева; 13-гадовая Яніна Антановіч (“Добрая аколіца мая”) і 12-гадовая Надзея Дзудзіла (“Пчаліны рай”) – вучні педагога В.Ф. Трухановіч, а таксама 14-гадовая Марыя Адамец (“Родны край”), якая прадстаўляла Лахвенскі прыход храма Нараджэння Багародзіцы, – настаўніца Л.М. Краснікевіч. Хаця ўмовамі конкурсу патрабавалася толькі пяць малюнкаў, у наступны этап творчага спаборніцтва, што адбудзецца ў Пінскай епархіі, накіраваны сем работ юных прадстаўнікоў раёна. Чакаем звестак аб выніках.