СПЕЎ СРЭБРАЗВОННЫХ СТРУН…
Канцэрт двух інструментальных ансамбляў – “Сальтарэла” (Пінск) і “Менестрэль” (Лунінец) – адбыўся ў глядзельнай зале кінатэатра “Кастрычнік”.
Вядучая – загадчыца струнна-народнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў Святлана Дубовік нагадала, што творчая сустрэча прысвечана гістарычным датам. 95 год таму ў Лунінцы быў арганізаваны струнны аркестр, вельмі папулярны ў даваенны час.
Многія музыканты і потым удзельнічалі ў творчых калектывах. Матэрыялы аб захопленых мастацтвам лунінчанах шырока прадстаўлены ў раённым краязнаўчым музеі. Аднойчы фотаздымкі ўбачыла настаўніца ДШМ Інна Іванаўна Караваевіч. Яна і аднавіла ансамбль у 1996 годзе.
– Сёлета на метадычнае аб’яднанне, якім кірую, запрасілі настаўніка Пінскай дзіцячай школы мастацтваў, – расказала Святлана Адамаўна. – Юрый Андрэевіч Дубнавіцкі вядомы далёка за межамі Беларусі стварэннем струнных інструментаў, якія былі ў вялікім дэфіцыце ў 1990-ыя. У больш спрыяльны час захапіўся вырабам лютняў. Шэраг іх відаў прадстаўлены ў ансамбле старажытнай музыкі “Сальтарэла”. Узнікла ідэя сумеснага канцэрта.
З гэтым калектывам у пачатку сакавіка лунінчане выступілі на адной сцэне ў Пінску. Канцэрт здымала мясцовая тэлестудыя “Вараг”. Дэманстрацыя яго адбылася праз тыдзень, калі ўжо пінчане прыехалі ў Лунінец.
Цікава было пазнаёміцца з незвычайнымі інструментамі, на якіх музыку сярэднявечча ігралі сем дзяўчынак і юнак у шыкоўных касцюмах таго часу. Прыгожы меладычны рэпертуар падрыхтаваў і “Менестрэль”. Творчыя сувязі з меламанамі Шэнэфельда (Германія) – горада-пабраціма Лунінца – садзейнічалі абнаўленню і разнастайнасці інструментаў у ансамблі. Домры і мандаліны, якія ўвасабляюць барочныя мелодыі, былі ўзмоцнены ансамблем сучаснай музыкі (кіраўнік Наталля Аляксандраўна Грабяжова), дзе прадстаўлены скрыпкі, віяланчэль, клавесін.
Адзначым годную переемнасць творцаў. Калі стваральнік “Менестрэля” выехала з Лунінца, калектыў узначаліла дамрыстка Ірына Іванаўна Рамановіч. Цяпер яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, але на канцэрце выступіла з сольным нумарам. Абавязкі мастацкага кіраўніка паспяхова выконвае яе калега Святлана Сяргееўна Цяльпук. З кампазітарамі і творамі, што выконваліся, знаёміў выкладчык па класе балалайкі Мікалай Мікалаевіч Кавалевіч. Яго выступленне ў дуэце і сола выклікала бурныя апладысменты гледачоў! Юныя і дарослыя лунінчане дзякавалі выканаўцам за цудоўную праграму, што ўшанавала памяць музыкантаў мінулых часоў і прадэманстравала захопленых мастацтвам сучаснікаў.
У 2004-ым калектыў атрымаў ганаровае званне “ўзорны”. Па складу інструментаў гэты калектыў – адзіны на Брэстчыне, мае шэраг узнагарод фестываляў і конкурсаў. Днямі перад адказнай камісіяй абласнога ўпраўлення культуры “Менестрэль” у чарговы раз пацвердзіў высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства. Хочацца падкрэсліць, што ў ансамблі ўдзельнічаюць выкладчыкі – спевакі нядзельных хораў двух лунінецкіх храмаў.