ВЕКАПОМНАЕ СОНЦА Ў ЛЮТЫМ
ласкавымі промнямі сагравала ўдзельнікаў памятнай сустрэчы ў вёскі Лугі, якія адзначылі 73-юю гадавіну трагедыі паселішча…
Мартыралог вайны
Сціплы абеліск стаіць пад бярозамі, якія штогод “плачуць” аб нявінна загінуўшых мірных жыхарах. Хавальніца памяці ахвяр фашызму – 86-гадовая Ганна Цыбулька, якая ў адзін дзень страціла дзевяць родных.
У леташнюю сустрэчу вяскоўка ад хвалявання проста не магла гаварыць. Узрост не дадае здароўя. Сёлета ад жорсткіх успамінаў Ганну Яфімаўну збярог старшыня Чучавіцкага сельвыканкама Аляксандр Васільевіч Соц, які расказаў аб трагедыі.
Сэрцам дакрануліся да чорнага дня 20 лютага 1943 года вучні і настаўнікі гімназіі г. Лунінца, якія ў хвіліне маўчання застылі разам з жыхарамі Лугоў. А спачатку дзеці і дарослыя чыталі жалобны мартыралог вёскі, змясціўшы 137 імёнаў старых і малых, якіх у адзін дзень забілі фашысцкія карнікі і іх памагатыя-паліцэйскія.
Часцей за іншыя вымаўлялі адно прозвішча – Бойка:
– Бойка Міхаіл Сяменавіч, 43 гады…
– Яго жонка, Бойка Праскоўя Фёдараўна, 42 гады…
– Іх чацвёра дзяцей: Бойка Ганна, 17 год…
– Бойка Марыя, 15 год…
– Бойка Антон, 13 год…
– Бойка Паўліна, 4 гады…
Дрыжалі галасы ў дзяцей, вільгатнелі ад слёз вочы дарослых, калі зноў і зноў гучалі імёны людзей, не па волі лёсу пайшоўшых за небакрай:
– Бойка Алена Адамаўна, 23 гады, цяжарная…
– Яе не народжанае дзіця…
Гэтыя імёны, “как раны, на сердце запеклись” у жыхароў пацярпеўшай вёскі. Сваім памінаннем ахвяр фашызму гімназісты быццам заспакойвалі старажылаў, што памяць неўміруча, што яна захоўваецца і перадаецца наступным пакаленням. Расчуленыя Ганна Яфімаўна і іншыя немаладыя людзі дзякавалі дзецям і дарослым за падзелены боль, за наведванне самай аддаленай вёскі раёна, што знаходзіцца ў двух кіламетрах ад мяжы з Мінскай вобласцю і дарога да якой добраўпарадкуецца толькі з наступленнем вясны…
Юныя равеснікі ХХІ стагоддзя шчыра суперажывалі пакаленню “дзяцей вайны”. Потым, ужо на сцэне Вялікачучавіцкай СШ, вучні 8 “А” і іншых класаў гімназіі прыгадалі трагедыі 13-ці “Хатыняў”, што ў мемарыяльным комплексе пазначаны як паселішчы Лунінецкага раёна. Выступленне гасцей адбывалася ў непарушнай цішыні залы. І ў такой жа шчымлівай благагавейнасці слухалі ўспаміны аб трагедыі – імі дзяліўся 83-гадовы ўраджэнец Лугоў Сцяпан Сцяпанавіч Бойка, які цяпер жыве ў родных на цэнтральнай сядзібе сельсавета…
Культурная спадчына
З дзвюмя мэтамі гімназісты наведалі Свята-Пакроўскі храм в. Вялікія Чучавічы. Спачатку адбылася ліція памяці па загінуўшых ахвярах фашызму. Затым настаяцель іерэй Уладзімір Тарчыла паведаміў аб гісторыі храма, што сёлета адзначае 165-годдзе.
Царква пабудавана ў выглядзе прадаўгаватага крыжа з пяццю купаламі і званіцай, як архітэктурны помнік характарызуе развіццё ў ХІХ стагодзі традыцыйных для Палесся ярусных кампазіцый. Унутры храм прыцягвае старажытнымі іконамі ў багата аздобленых мастацкай разьбой ківотах. Свяшчэннік звярнуў увагу, што самыя рэдкія абразы ў свой час падарылі жыхары Вялікіх Чучавіч, якія цярпелі ад жыццёвых няшчасцяў і ажыццяўлялі паломніцтвы ў святыя мясціны, напрыклад, у Троіца-Сергіеву лаўру, адкуль і прывозілі іконы. На завяршэнне айцец Уладзімір падзякаваў педагогам за выхаванне вучняў на прыкладах гістарычнай памяці, нагадаўшы, што толькі той, хто шануе мінулае, мае права на будучае.
Разам з гімназістамі даніну памяці ахвярам фашызму аддалі кіраўнікі раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Жураўлёў і Станіслаў Шаруда.
– Лугі і іншыя “лунінецкія Хатыні” яскрава сведчаць, што зрабілі б фашысты з нашым народам, калі б не перамагла Чырвоная Армія, – адзначыў Уладзімір Іванавіч. – Ганарымся, што пераемнікамі ратных традыцый пераможцаў былі савецкія афіцэры. І ўпэўнены, што сярод цяперашніх вучняў таксама ёсць жадаючыя выбраць адказную прафесію – абараняць Радзіму…
Экскурсія, якая адбывалася ў рэчышчы мерапрыемстваў да 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, натуральна працягнулася справамі Года культуры. Гэтаму садзейнічала выстава старажытных ікон “Выратаваныя каштоўнасці”, якую ў Вялікачучавіцкай СШ прадставілі супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея Ірына Леанідаўна Брэзіна і Алена Анатольеўна Якубовіч. Спалучэннем памяці і мастацтва стаў прагляд урыўка з відэапраграмы “Зачараванне рускага раманса”. Удзельнікі сустрэчы пачулі “залаты голас” Наталлі Мурко (1952-2011), дзень нараджэння якой адзначаўся 29 лютага. Старшыня раённага савета ветэранаў устаноў адукацыі Наталля Іванаўна Казанкова, якая правяла сустрэчу з запрошанымі на ўрачыстасць былымі педагогамі Вялікачучавіцкай СШ, прачытала верш Леаніда Дранько-Майсюка “У вашым голасе квітнеюць астры…”, што вядомы беларускі паэт прысвяціў незабыўнай лунінецкай спявачцы.
Акцыя міласэрнаці “Марш жыцця”
Так называюць гімназісты памятныя сустрэчы, што ў верасні сталі традыцыяй у Мелясніцы і ў лютым ўпершыню праведзены ў Лугах. Юных лунінчан у чарговы раз падтрымалі ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” (дырэктар Тамара Патурай) і старшыня раённага камітэта Беларускага Чырвонага Крыжа Надзея Ігнаткевіч, якая разам з валанцёрамі ўручала падарункі жыхарам пацярпеўшай вёскі. Сцвярджальным гімнам жыццю прагучалі песні і вершы ў выкананні здольных вучняў Вялікачучавіцкай СШ, дырэктар якой Ірына Мікалаеўна Грыцкевіч прапанавала працягваць сустрэчы вучняў вёскі і горада. Яе калега Аляксандр Аляксандравіч Грушэўскі, які ўзначальвае гімназію г. Лунінца, упэўнены ў мэтазгоднасці такога ўзаемасупрацоўніцтва і спадзяецца на яго.
Прагу да ажыццяўлення новых праектаў пацвярджае дзейнасць навуковага таварыства вучняў “Зямляне”, якім кіруе настаўніца Ірына Аляксандраўна Грушэўская. Такімі практычнымі справамі ўзмацняюцца даследаванні, якімі захоплена займаюцца многія гімназісты і школьнікі. Магчыма, хтосьці з іх на чарговай канферэнцыі “З навукай – у будучае” дасць адказ на пытанне, чаму вёска Вялікія Чучавічы таксама ўвекавечана ў Хатыні? Хочацца верыць, што з дапамогай зацікаўленых педагогаў і вучняў раскрыецца гэта “белая пляма”, якіх яшчэ шмат у гісторыі нашага краю. Урэшце, гэта важна і для краіны, і для свету, таму што ўсе мы – “земляне мои, дорогие мои земляки”…