ДУХОЎНАЯ АХВЯРА РАДЗІМЕ
Так трактавалі асветную дзейнасць многія гістарычныя асобы, для якіх служэнне Богу выказвалася ў служэнні грамадству.
З такімі ж пачуццямі адносіліся (і адносяцца!) да сваёй справы лепшыя з педагогаў. Нездарма лічыцца, што гэта – адзіная прафесія ад Бога. Усе астатнія – ад настаўніка…
Сапраўдным Настаўнікам называем Мікалая Пятровіча Анцукевіча. Імя педагога, гісторыка, лінгвіста, перакладчыка звязала Беларусь, Літву, Расію. Сваёй самаадданай працай ён пакінуў дабратворны след у Лунінцы, дзе ў 1926 годзе зрабіў пераклад “Слова пра паход Ігараў” (музей гэтага твора знаходзіцца ў Яраслаўлі) на сучасную рускую мову, а таксама ў Вільнюсе.
Гаворачы аб М.П. Анцукевічу, нельга абысці ўвагай гісторыю Лунінецкай гімназіі, дзе выкладаў Мікалай Пятровіч. У тагачасным сяле дзейнічала народнае вучылішча. Калі ж адкрыўся рух па станцыі Лунінец, чыгуначнікі праглі для сваіх дзяцей больш дасканалых ведаў. І ў 1890-ым расчыніла дзверы сярэдняя школа – царкоўна-прыходская, пераўтвораная далей у чыгуначнае вучылішча.
У складаныя часы Першай сусветнай вайны многія сем’і былі эвакуіраваны ў глыб Расіі. Калі пасля Брэсцкага міру вярталіся на Радзіму, тут ішла Грамадзянская вайна. З пераменным поспехам Лунінец займалі то кайзераўцы, то чырвоныя, то белыя, то палякі. Дзяржаве было не да адукацыі сваіх юных грамадзян. Але ў гэты смутны час арганізавалася Рускае Дабрачыннае Таварыства імя графа Л.М. Талстога. Яго намаганнямі ў 1919-ым і была створана рэальная гімназія РДТ. Спачатку вучні займаліся ў будынку чыгуначнага вучылішча. З усталяваннем польскай улады, у 1921-ым, яго заняла польская дзяржаўная гімназія. “Рэалка” вымушана была арандаваць прыстасаваныя памяшканні.
Першы выпускны вечар у рускай гімназіі адбыўся ў 1929 годзе. У гэты час ужо ні адна польская вышэйшая навучальная ўстанова не прызнавала пасведчанне выпускнікоў “рэалкі”. Але веды вучні атрымлівалі бліскучыя – таму натуральным для іх было паступленне ва ўніверсітэты не толькі Польшчы (Вільна і Варшава), але і іншых краін.
У Лунінецкай гімназіі працавалі цудоўныя педагогі! Алена Віктараўна Кірыевіч выкладала і пасля вайны. Часта ўспамінала “рэалку”, хаця ў савецкі час гэта было даволі небяспечна. Калі па школьнай праграме вывучалі шэдэўр старажытнарускай літаратуры, настаўніца і расказала вучням аб былым калегу. Для нас гэтую памяць захаваў наш зямляк Леў Леанідавіч Коласаў – цяперашні мінчанін, адданы гісторыі малой радзіме.
Нарадзіўшыся ў мястэчку Ельск Мазырскага павета Мінскай губерні, М.П. Анцукевіч скончыў пачатковую школу, Мазырскую прагімназію, Бабруйскую гімназію (з залатым медалём!). Па жаданні бацькі паступіў у Пецярбург, у Ваенна-медыцынскую акадэмію, але – “лірык” перамог “хіміка”. Юнак выбраў прэстыжны Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут. На жаль, цяжка захварэў, таму атэстат аб яго заканчэнні «Мікалай Пятровіч Анцукевіч, сын селяніна, 27 год ад роду, веравызнання праваслаўнага» атрымаў толькі ў лютым 1919-га. За кандыдацкае “сачыненне” “Гісторыя Турава-Пінскага княства” яму прысвоілі навуковую ступень.
Мікалай Пятровіч звыш 30 год аддаў педагогіцы (адначасова збіраў фальклор і вёў культурна-асветніцкую дзейнасць). Нам пашчасціла, што пачаў ён службу настаўнікам у Лунінцы. І карыстаўся аўтарытэтам. Калі ў кастрычніку 1921-га наш горад наведаў Прэзідэнт Міністраў (так тады называлі прэм'ер-міністра Польшчы) Антоній Панікоўскі, яго вітаў Анцукевіч ад імя калектыву “рэалкі”. На жаль, шэраг сумных падзей прывялі да яе закрыцця. Пасля Мікалай Пятровіч працаваў у Стоўбцах, адкуль яго запрасілі ў Віленскую беларускую гімназію выкладчыкам латыні і адначасова – інспектарам па выхаваўчай рабоце (аналаг пасады завуча ў сучаснай школе). У 1936-ым М.П. Анцукевіч стаў дырэктарам установы. Хутка выдаў невялікую кнігу свайго вершаванага перакладу “Слова…”. Але за адстойванне права навучаць дзяцей на беларускай мове ў 1938-ым Мікалая Пятровіча перавялі ў горад Ломжа. У пачатку Другой сусветнай ён быў арыштаваны польскімі ўладамі разам з іншымі заложнікамі беларускага насельніцтва Віленшчыны.
Вайна не толькі спыніла працу над “Словам…”, але і канчаткова парушыла адладжанае жыццё сям'і. Па абвінавачванні ў знявазе нямецкай культуры акупацыйныя ўлады звольнілі Мікалая Пятровіча. Толькі па шчаслівай выпадковасці ён пазбег арышту і канцлагера. Некаторы час заставаўся беспрацоўным, затым атрымаў гадзіны латыні ў роднай гімназіі.
У канцы вайны Мікалай Пятровіч актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі 6-ай Віленскай жаночай рускай гімназіі. У 1945-ым працаваў у Вільнюскім педінстытуце, а праз некаторы час – на кафедры рускай мовы ў Вільнюскім універсітэце. У 1950-ыя сышоў на пенсію. Афіцыйна – «па стану здароўя», але ў сапраўднасці – за прад'яўленае яму ў друку абвінавачванне: быццам пры правядзенні лекцый па рускай мове адсутнічае ідэалагічная скіраванасць… І ўсё ж даследчык завяршыў манаграфію аб “Слове пра паход Ігараў”. На жаль, нягледзячы на падтрымку калег, усе спробы выдаць яе заканчваліся няўдачай. Галоўным чынам, з прычыны нетрадыцыйнасці пункту гледжання на хрэстаматыйны твор…
Такія сумныя рэаліі тагачаснага жыцця. Лепш адзначым, што Лунінец стаў для Мікалая Анцукевіча не толькі месцам працы. У 1922-ім ён ажаніўся з дачкой дыякана мясцовай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы, настаўніцай рускай мовы і літаратуры Вольгай Васільеўнай Казюліч. У Лунінцы нарадзіліся двое іх сыноў.
Уражэнец Лунінца Алег Мікалаевіч Анцукевіч з маленства пражываў у Вільнюсе. Працаваў у Міністэрстве лясной гаспадаркі, меў ступень доктара сацыяльных навук. Па праву ганарымся славутым земляком. І хаця яго зямны шлях завяршыўся, шчыра ўдзячны сыну за сапраўднае адкрыццё для Беларусі імя свайго бацькі. У 1992-ім намаганнямі А.М. Анцукевіча манаграфія выйшла ў свет у Вільнюсе (Літва), а ў Беларусі ў 2002-ім выдадзены зроблены Мікалаем Пятровічам пераклад «Адысеі» Гамера на рускую мову са старажытнагрэчаска-рускім слоўнікам па гэтым творы.
Захоплены чалавек увесь свой час дзялiў паміж працай і працягам даследавання! М.П. Анцукевіч уражвае шырокім дыяпазонам сваіх інтарэсаў. Ён падрыхтаваў таксама падручнік лацінскай мовы для 3-іх класаў рускіх гімназій, распрацаваў падручнік педагогікі на беларускай мове для настаўнікаў семінарый, дапаможнік па сінтаксісе рускай мовы для літоўскіх школ. Гэтыя працы пакуль не апублікаваныя і захоўваюцца ў сямейным архіве.
Упэўнены, што яны знаходзяцца ў надзейных руках унука даследчыка, які названы ў гонар вядомага дзеда. Мікалай Алегавіч стаў сапраўдным сябрам Лунінецкай гімназіі, прымае ўдзел у гісторыка-філалагічных чытаннях памяці асобы, важнай для гісторыі не толькі нашага краю. Сёлета спаўняецца 45 год, як М.П. Анцукевіч зышоў у вечнасць…
Творчасць захопленага педагога яскрава адлюстроўвае ісціну, што даследчыцкая праца, служэнне на карысць грамадству абавязкова запатрабаваны. Няхай і не пры жыцці, але ХХІ стагоддзе аддае даніну павагі Мікалаю Пятровічу і занатоўвае яго імя ў пляядзе выдатных беларускіх дзеячаў, якіх называем нацыянальнымі асветнікамі.