Адна вера, адзін Бог, адно Палессе…
Зусім нядаўна, у чэрвені, на базе духоўна-авсетніцкага цэнтра “Вытокі” цэнтральнай гарадской бібліятэкі адбыліся Другія праваслаўна-краязнаўчыя чытанні “Да вытокаў сваіх вяртаемся”.
Цікавым госцем чытаннняў як летась, так і ў гэтым годзе быў пратаіерэй Павел Дубінец, настаяцель Свята-Параскеўскай царквы вёскі Марочнае Зарачнянскага раёну Ровенскай вобласці.
Даклады айца Паўла пра Нобельскае Чацвераевангеліе (2015 г.) і свяшчэннаслужыцеля Вячаслава Наўроцкага (2016 г.) выклікалі вялікую цікавасць у прысутных. Хочацца сказаць, што айцец Павел з’яўляецца сябрам нашай бібліятэкі ўжо даўно. Штогод бацюшка наведвае сектар краязнаўства, а цяпер і ДАЦ “Вытокі”, таму што з’яўляецца апантаным краязнаўцам. Маючы шмат сваіх уласных краязнаўчых выданняў у асабістай бібліятэцы, айцец Павел цікавіцца навінкамі, рэгулярна наведвае не толькі сектар краязнаўства цэнтральнай бібліятэкі Пінска, але і Музей Беларускага Палесся, пінскія кнігарні. Сваімі шчырымі выступленнямі на чытаннях айцец Павел пакарыў сэрца кожнага прысутнага. Многім захацелася наведаць Зарачнянскі раён. І вось такая паездка адбылася.
13 ліпеня, па запрашэнню айца Паўла, вялікая і дружная кампанія з трыццаці чалавек адправілася з Пінску вандраваць па ўкраінскаму Палессю. І дзень быў выбраны цудоўны – дзень памяці Валынскай іконы Божай Маці і дзень нараджэння айца Паўла Дубінца.
Першым пунктам нашай вандроўкі было мястэчка Сернікі, дзе знаходзіцца жаночы манастыр Валынскай Божай Маці. На святочнай службе было столькі людзей, што не ўсе змаглі трапіць у храм. Дарэчы, манастыру споўнілася ў гэтым годзе 20 год. Пінскія паломнікі змаглі пакланіцца іконе Валынскай Божай Маці, пастаяць на службе, пабываць на манастырскім падворку. Таксама мы наведалі храм Дзімітрыя Салунскага (XVIII стагоддзе), які знаходзіцца побач з манастыром. Тут настаяцель храма, айцец Іаан правёу цікавую экскурсію.
Наступны наш прыпынак – сяло Муравін, непадалёку ад Зарэчнага. У Муравіне нас гасцінна сустракаваў хросны бацька нашага гіда-экскурсавода Ганны Анатольеўны Свірыдэнка. Цікава, што тут побач размясціліся два храма – стары і сучасны. І адзін і другі носяць назву Ражства Божай Маці. У новым храме ўсіх уразілі іконы з бурштыну. І яшчэ адно не выпадковае адкрыццё чакала нас у гэтым мястэчку. Аказалася, што на царкоўных могілках пахаваны свяшчэннік Міхаіл Дульскі, сын якога жыве ў Пінску ў адным доме з Таццянай Іванаўнай Пляшко – актыўнай чытачкай цэнтра “Вытокі”.
У вёсцы Мутвіца ізноў была прыемная сустрэча. Тут мы наведалі “Народны музей вышыванкі і ткацтва Зарэчнянскага раёну”. Усіх гасцінна сустракала гаспадыня музею – Вялянціна Тумаш-Ляхавец, якая таксама з’яўляецца актыўнай наведвальніцай сектара краязнаўства Пінскай гарадской бібліятэкі. Усе шчыра парадаваліся энтузіазму і любові да сваёй працы гэтай цудоўнай жанчыне і пажадалі поспехаў у працы. Прыемна, што сярод сярод экспанатаў музея мы пабачылі манаграфію А.Ільіна і А.Ігнацюк “Очерки истории культуры Пинщины (IX- нач.XX вв)”, выдадзеную ў Пінску ў 2013 г.
Ну і нарэшце вёска Марочнае, храм Параскевы Пятніцы. Тут, на месцы служэння айца Паўла, мы павіншавалі яго з днём нараджэння і падаравалі ікону Купяціцкай Божай Маці. І падаравалі не проста так, а узяўшы абяцанне з бацюшкі, што ён неўзабаве разам са сваімі сябрамі наведае вёску Купяцічы Пінскага раёну, каб пакланіцца нашай пінскай святыні, і каб працягнуць наша сяброўства.
Храм Параскевы Пятніцы ўразіў сваёй прыгажосцю, мноствам ікон, цікавым аповедам айца Паўла. У храме айцец Павел адслужыў малебен. Кожны атрымаў у падарунак ікону святой Параскевы. Зусім не хацелася раставацца, але трэба было вяртацца дадому. Дзякуй айцу Паўлу за цікавую эксурсію па Зарэчнянскаму раёну, за тое, што нават у аўтобусе час не ішоў марна – мы слухалі і пра храмы, і пра прамысловасць, і пра насельніцтва раёну. Трэба адзначць, што на 44 вёскі ў Зарэчнянскім раёне 27 праваслаўных храмаў. І якія бы межы нас не раздзялялі, трэба заўсёды памятаць, што ў Бога ніякіх межаў няма. І, як сказаў айцец Павел пасля малебну, у нас адна вера, адзін Бог, адно Палессе. Вярталіся ўсе стомленыя, але шчаслівыя, напоўненыя новымі ураджаннямі, новымі знаёмствамі. Будзем спадзявацца, што наша сяброўства будзе працягвацца і толькі крэпнуць, збіраючы вакол сябе ўсё больш і больш тых, хто любіць свой край, хто імкнецца знайсці сваю дарогу да Бога.
Да новых сустрэч! Шчыра запрашаем нашых сяброў-зарачнянцаў у госці на Піншчыну!