З ПАДЗЯКАЙ – ДА ЎЛАДЫКІ
{jcomments on}Днямі Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан прыняў членаў сям’і Якуба Коласа.
Відавочна, многія чыталі інтэрв’ю, якое Уладыка даў газеце “Звязда” 21 лютага гг. у Міжнародны дзень роднай мовы. У ім была выказана прапанова адкрыць мемарыяльную дошку ў Пінску на храме, дзе вянчаўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч – будучы народны пясняр Якуб Колас – з Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай (падобна таму, як гэта зрабілі расіяне ў Маскве ў гонар Аляксандра Пушкіна і Наталлі Ганчаровай).
Прапанову Уладыкі з удзячнасцю ўспрынялі ў сям’і нацыянальнага класіка.
Як вядома, старэйшы сын Якуба Коласа нарадзіўся ў Пінску. Сёлета Данілу Канстанцінавічу Міцкевічу – заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь, арганізатару і першаму дырэктару Дзяржаўнага літаратурнага музея Якуба Коласа – споўнілася б 100 год. Да юбілею бацькі Вера Данілаўна Міцкевіч падрыхтавала кнігу “І бачу прайдзеныя далі…” (Мінск, “Кнігазбор”, 2014).
Уладыку ўручаны экземпляр выдання з дарунчым надпісам ад унучкі Якуба Коласа і яго нявесткі – Аляўціны Цімафееўны Міцкевіч – у час наведвання імі Пінска. Сталічныя госці падзякавалі Архіепіскапу Пінскаму і Лунінецкаму Сцяфану за яго прапанову аб увекавечанні памяці народнага песняра на будынку старэйшага ў Пінску Свята-Варварынскага храма, у якім, дарэчы, быў хрышчоны і першынец Якуба Коласа.
Хочацца спадзявацца, што органы ўлады Пінска рэалізуюць гэту ідэю, каб значная для горада падзея – правядзенне абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2014” – азнаменавалася і ўсталяваннем мемарыяльнай дошкі песняру беларускай зямлі з вельмі знакавым для хлебароба імем Якуб Колас. І тады сталіцу Палесся ў духоўна-літаратурным сэнсе варта параўноўваць з першапрастольнай…
НА ЗДЫМКУ: архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан (у цэнтры) разам з Верай Данілаўнай і Аляўцінай Цімафееўнай МІЦКЕВІЧАМІ (злева ад Уладыкі). У арганізацыі сустрэчы прынялі ўдзел начальнік Лунінецкай аўташколы ДТСААФ Пётр Іванавіч РУДОВІЧ і пінчанка, прадстаўнік духоўнай дынастыі Людміла Аркаддзеўна ЗЕЛЯНЕЎСКАЯ (справа ад Уладыкі), а таксама кіраўнік прэс-службы Пінскай епархіі іерэй Іаан Гарбуноў.