Дзімітраўскія “ДЗЯДЫ” ў новай КАПЛІЦЫ
У суботу, 1 лістапада, у в. Вулька 1 урачыста асвячана капліца ў гонар святой вялікапакутніцы Параскевы.
На памінальную службу сабралася мноства вясцоўцаў і жыхароў іншых мясцін, корні якіх – у прыгараднай вёсцы. Настаяцель Барыса-Глебскага храма в. Лунін, да якога прыпісана капліца, іерэй Анатоль Рэўцкі расказаў пра жыццё святой. Пасля паніхіды адбылася непрацяглая, але шчырая ўрачыстасць. Стараста вёскі Н.Я. Місюра выказала падзяку аднавяскоўцам за актыўны ўдзел у дабрачыннай справе. Асаблівыя словы падзякі адрасаваліся касіру “на добраахвотных пачатках” Галіне Васільеўне Сыціна, якая збірала сродкі і апраўдала давер грамадства. Ніла Якаўлеўна таксама падкрэсліла, што будаўніцтва завершана своечасова пры вялікай падтрымцы СВК “Хваецкае” і асабіста яго старшыні Васіля Лазіцкага.
Сімвалічна, што на святым месцы спачыну продкаў жыхарам быў прадстаўлены герб Вулькі 1. Дзякуючы арганізацыйным і матэрыяльным намаганням ураджэнцаў вёскі, ён прайшоў адпаведную экспертызу ў Геральдычнай камісіі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Як і ўсе гербы раёна, ён змяшчае выяву ліліі (стылізаваная лабелія Дортмана) на блакітным фоне. Галоўным элементам стала ікона Божай Маці. І гэта не выпадкова. Згодна з архіўнымі дакументамі, у Свята-Траецкім храме в. Вулька знаходзілася “местночтимая чудотворная икона Божией Матери (Одигитрия) с Предвечным Младенцем” ХVI-ХVII стагоддзяў. Яна мела вышыню 1 ¼ аршыну і шырыню 1 аршын, была напісана на залатым фоне на драўлянай дошцы. Старажытны славянскі надпіс сведчыў: “+ Сей образъ надали все мужове и вся Воля и се село +” (6). Пасля разбурэння храма ў 1960-ыя ікона знікла, а цяпер адбылося яе вяртанне ў геральдычным сімвале вёскі…