“1025-годдзе хрышчэння Русі – свята наша агульнае і маё асабістае”
Так меркавалі многія ўдзельнікі IV Свята-Андрэеўскіх чытанняў.
Усведамляючы адну з бясспрэчных біблейскіх ісцін, што “вера без дел мертва есть”, многія лунінчане пашчыравалі для стварэння святочнай атмасферы на дзелавой сустрэчы.
Своеасаблівы сімвал чытанняў – купалы храма, што вырабіла мастак Алена Трысцень, прадаставіла бібліятэкар ліцэя Ірына Раманчук. Выдатна аформіла сцэну педагог дадатковай адукацыі каледжа Алена Гарбар.
Мультымедыйнай устаноўкай кіравалі, дэманструючы прэзентацыі дакладчыкаў, метадыст аддзела адукацыі Надзея Касач і бібліятэкар каледжа Ніна Дамашэвіч.
Дзве цудоўныя выставы вырабаў народнай творчасці падрыхтавалі аддзяленні раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: дзённага знаходжання інвалідаў (загадчык Таццяна Дырда) і пажылых людзей (Святлана Філіновіч).
Па традыцыі з літаратурнымі навінкамі пазнаёміла цэнтральная бібліятэка (загадчык Валянціна Рагалінская). Сярод кніг, у тым ліку выдавецтва Беларускага Экзархата, увагу прыцягвалі два фаліянты духоўнай нацыянальнай скарбніцы: факсімільнае Слуцкае Евангелле і Евангелле Святой Ефрасінні Полацкай. Яны знаходзяцца на адказным захоўванні, але ўдзельнікі чытанняў маглі ўбачыць і сфатаграфавацца каля святынь.
Адлюстроўваючы пераемнасць вечных каштоўнасцей, падарункамі сталі кнігі. Камандзіроўка перашкодзіла наведаць Лунінец кіраўніку сацыяльнага аддзела Пінскай епархіі а. Сергію Плотніцкаму, які на працягу трох год служыў дыяканам ў Свята-Крыжаўзвіжанскага храма і 16 чэрвеня быў рукапаложаны ў свяшчэнніка. У свой час цяперашні семінарыст-завочнік набыў педагагічную адукацыю. Група настаўнікаў пачатковых класаў СШ №4 перадала бацюшку кнігу “Моя жизнь во Христе” святога праведнага Іаана Кранштадтскага, які, як вядома, у канцы ХІХ стагоддзя ахвярваў на ўзвядзенне храма ў Лунінцы. Паэтычныя падарункі – мастацкае чытанне вершаў – адрасавалі ўдзельнікам сустрэчы Святлана Карпінская (“Крещение Руси” Басова) і старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Казанкова (“Зодчие” Кедрава).
Сёлетні год, юбілейны для ўсяго праваслаўя, удвая знамянальны для лунінчан. 16 лютага асвячаны новы храм іконы Багародзіцы “Вышуканне загінуўшых”. А першае прыгадванне царквы ў Лунінцы датуецца 1588 годам. З гісторыяй Свята-Крыжаўзвіжанскага храма, які пабудаваны на месцы першай святыні, знаёміла выстава фотаздымкаў.
Усеагульнае захапленне выклікала выстава работ удзельнікаў папярэдняга этапу ІХ Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці. Аднаму з юных мастакоў – вучню Бастынскай СШ Дзмітрыю Цельпуку – у дзень чытанняў споўнілася 17 год, з нагоды чаго яму таксама перададзены калектыўны падарунак.